Біскуп Алег Буткевіч: Трэба навучыцца любіць адзін аднаго
З Калядамі ўсіх слухачоў і супрацоўнікаў Беларускага Радыё Рацыя віншуе біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. Ён мае музычныя і мастацкія здольнасці. Таму для нашых наведвальнікаў сайта ксёндз-біскуп асабіста намаляваў віншаванку.
Як кажа Яго Эксцэленцыя бісуп Алег Буткевіч, свята Божага нараджэння нясе ўсім, як звычайна, моц і вялікую любоў Божага сына:
– Езус, які стаў для нас братам, пажадаў паяднаць нас з нябесным Бацькам, пажадаў, каб мы, якія былі ад пачатку створаныя на вобраз і падабенства Божае, аднавілі ў сабе гэты вобраз. Каб мы навучыліся па прыкладзе Божага сына прабачаць, каб мы навучыліся любіць адзін аднаго і прымаць сябе такімі, якія мы ёсць.
Поўны тэкст віншавання біскупа і перадачу пра яго станаўленне як святара можна будзе паслухаць заўтра ў 07 гадзін раніцы па польскім часе і ў 09 гадзін па беларускім, паўтор таго ж дня ў 16:05 польскага часу і на 2 гадзіны пазней ў Беларусі, а таксама ў пятніцу а 06 польскага і 08 беларускага часу ў перадачы “Мой шлях да Бога”, якую падрыхтавала для Вас Таццяна Смоткіна.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя