Біскуп Алег Буткевіч павіншаваў слухачоў Радыё Рацыя са святам Божага Нараджэння



25 снежня каталікі і пратэстанты святкуюць Божае Нараджэнне. Гэта адно з найгалоўнейшых святаў у вернікаў. Звычайна яго святкуюць у сямейным коле. Перад гэтым наведваюць храм, спавядаюцца, моляцца, праслаўляючы Хрыста.

Па словах віцебскага біскупа Алега Буткевіча, прысутнасць Бога можна параўнаць у нейкім сэнсе з наяўнасцю паветра. Яно не толькі дазваляе нам дыхаць, то бок жыць, але і абараняе ад розных шкодных уплываў.

– Дарагія слухачы Радыё Рацыя! Віншую вас са Святам Божага нараджэння! Хрыстос з’явіўся ў гэтым свеце, прыйшоў, каб нам адкрыць дарогу ў вечнае жыццё. Бог з’явіўся як маленькае дзіця, каб падараваць чалавеку ўдзел у сваім боскім жыцці. Божае Нараджэнне – гэта час, калі мы нанова адкрываем для сябе веліч Божай любові і міласэрнасці. Усемагутны становіцца безабаронным дзіцём. Той, хто не мае межаў, прымае абмежаванне людской натуры, каб чалавек не меў страху і не баяўся наблізіцца да свайго Створцы. І такім чынам мы вучымся прымаць сябе такімі, якімі мы ёсць. Бо такімі нас прымае да сябе Бог. Гэта дапамагае нам станавіцца святлом для іншага чалавека і паказваць шлях да годнага людскога жыцця.

Віншую ўсіх слухачоў Радыё Рацыя з гэтым светлым святам Божага Нараджэння і жадаю Божага благаславення, здароўя, радасці, душэўнага супакою і таго непагаснага святла, якое дапамагае нам у гэтым жыцці пераадольваць розныя цяжкасці і ўпэўнена глядзець у будучыню. Са святам Божага нараджэння! Усяго самага найлепшага!

На свята Божага Нараджэння ў парафіях Віцебска пройдуць святочныя набажэнствы. Вігілійныя малебны адбудуцца а 22.00 ва ўсіх храмах Віцебска, акрамя парафіі Святой Барбары, там імша пройдзе а 21. 30.

На другі дзень, 25 снежня, святочнае набажэнства ў Катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага а 11.30 узначаліць біскуп Алег Буткевіч.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя