Біскуп Аляксандр Кашкевіч: Бог прысутны сярод нас
З пастырскім словам вітаў і павіншаваў вернікаў ардынарый гарадзенскай рыма-каталіцкай дыяцэзіі ксёндз-біскуп Аляксандр Кашкевіч. У гэтыя дні ён заклікаў засяродзіцца і падумаць у цішы, што Бог прысутны сярод нас. І цверджаннем гэтага сталася нараджэнне ягонага сына – Ісуса Хрыста для чалавечага свету.
Кажа біскуп Аляксандр Кашкевіч:
– У гэтай святочнай атмасферы нараджэння Хрыста, якое з’яўляецца крыніцай радасці і надзеі, жадаю ў духу любові скласці вам усім віншаванні, што паходзяць ад сэрца. Няхай Эмануэль, Бог з намі, які адорвае любоўю, знойдзе ў нашых сэрцах, у дамах, сем’ях і супольнасцях прастору для сябе. Няхай будзе блізкім да нашага жыцця.
Вера, надзея і любоў – застаюцца найвялікшымі цнотамі чалавецтва, – падсумаваў ерарх. – А дапамогай гэтаму тое, што Ісус Хрыстос «стукаецца ў дзверы нашых сэрцаў».
Дзверы гарадзенскіх рыма-каталіцкіх храмаў будуць адчыненыя ў Вігілію Божага нараджэння 24 снежня, у Святы Вечар у грэка-каталіцкай парафіі, а 25-га снежня Раство Хрыстова азначыцца святочнымі набажэнствамі ў каталіцкіх і пратэстанцкіх храмах.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя