Біскуп Аляксандр Кашкевіч: Няма такіх песняў жальбы, пасля якіх не спявалася б алілуя
Свята Вялікадня, якое адзначаецца хрысціянамі свету, азмрочана пандэміяй каронавірусу. Ардынары гарадзенскай Рыма-каталіцкай дыяцэзіі біскуп Аляксандар Кашкевіч віншуе са Святам Вялікадня і суцяшае ў сваім пасланні вернікаў.
„Страх і няпэўнасць зыйдуць, а надзея застанецца, хаця, нібы свет супыніўся ў час пандэміі”, – кажа рыма-каталіцкі ўладыка.
– Няма такога вялікага посту, пасля якога не прыйшоў бы Вялікдзень, і такіх песняў жальбы, пасля якіх не спявалася б алілуя. І паколькі мы чакалі з надзеяй Велікоднага ранку, што прыйдзе для свету паратунак, што настане ўрэшце жаданы спакой і бяспека. Уваскрасенне Хрыста – гэта заўсёды свята жыцця.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч пажадаў вернікам, каб Уваскрослы Хрыстос напоўніў, для некаторых, пустапарожняе жыццё глыбокім сэнсам і даў ім радасць, спакой і надзею.
Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя