Віншаванне са святам Раства Хрыстовага ад біскупа Аляксандра Кашкевіча



Ардынар Гарадзенскай дыяцэзіі, біскуп Аляксандр Кашкевіч наконадні Калядаў  павіншаваў вернікаў са святам Раства Хрыстовага:

– Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры! Сярод разнастайных спраў сённяшняга свету Пан Бог дае нам такі чарговы момант, каб усе мы на хвіліну спыніліся і паглыбіліся ў радасны роздум над сэнсам стварэння. Нагодай да гэтага з’яўляецца нараджэнне Божага Сына Езуса Хрыста, які пасланы ў свет у постаці маленькага дзіцяці, здзейсніў найвышэйшую справу ў гісторыі чалавецтва. Уваходзячы чарговы раз у перажыванне радасці Свята Божага нараджэння, мы хочам сапраўды, углядаючыся ў Хрыста, нанова шукаць сэнс  свайго жыцця. Няхай сёлетняе спатканне нараджэння нашага Збаўцы, якое напаўняе нас радасцю і адкрытасцю на іншага чалавека, прынясе вам і вашым блізкім шмат супакою ў сэрцах. Няхай дзіця Езус напаўняе вас любоўю, радасцю і супакоем, умацоўвае сувязі ў вашых сем’ях і асяроддзях, робіць вашыя сэрцы і сумленні больш чулымі да клопату пра кожнае чалавечае жыццё, пра выхаванне маладога пакалення, пра лёс людзей пажылых, хворых, церпячых і беспрацоўных.

Увойдзем з надзеяй на невядомыя шляхі Новага 2019 года, запрашаючы Хрыста ў нашую штодзённасць! Няхай ласка і супакой ад Бога Айца і ад Пана нашага Езуса Хрыста будуць з намі ўсімі!

Гарадзенская дыяцэзія сёлета адзначыла 27 гадоў свайго існавання. Яна налічвае каля паўмільёна вернікаў лацінскага абраду.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя