Біскуп Буткевіч: Хай моцная вера, непахісная надзея і трывалая любоў паселяцца ў сэрцах
24 снежня ў католікаў апошні дзень Адвэнту, яны рыхтуюцца да Вігіліі і святочнага набажэнства ў касцёлах, якое называецца пастэркай. Яна з’яўляецца першай урачыстасцю Божага Нараджэння, звязаная з біблейскім матывам чакання і малітвы віфліемскіх пастухоў, якія спяшаліся павітаць народжанага Сына Божага.
І ўжо цяпер, па словах біскупа Віцебскай дыяцэзіі Алега Буткевіча, можна падводзіць вынікі года. І гэты год, паводле яго словаў, для Віцебскай дыяцэзіі быў няпросты, але сёлета было зроблена шмат карыснага ў парафіях.
– Вельмі напружаны быў 2017 год, дзе асноўная частка парафій была наведана. І, канешне ж, гэта дало мне шмат тэмаў для разважання. Мне было вельмі прыемна сустрэцца з людзьмі, паглядзець бліжэй на іх, на іх душпастырскае жыццё, на працу святароў. І трэба зазначыць, што ў большасці парафій нашай дыяцэзіі створаны добрыя ўмовы дзеля таго, каб чалавек меў магчымасць прыйсці да Бога. Знайсці душпастырскую апеку. І гэта вельмі радуе.
У гэтым годзе прамая трансляцыя Свята Божага нараджэння адбудзецца з Полацку. І гэтым нам хацелася б яшчэ раз падкрэсліць юбілей 500-годдзя перакладу Бібліі на беларускую мову. А 21-й гадзіне 24 снежня адбудзецца гэтая Вігілійная святая імша.
„Нова радасць стала, што яшчэ не бывала. Над Бэтлеем зорка ясна свету заззяла”. Менавіта так, як штосьці даўняе, заўсёды новае, жывое і непаўторнае ўспрымае хрысціянскі свет праўду пра Божае нараджэнне. І менавіта таму запальваюцца калядныя елкі, гучаць радасныя спевы і рыхтуюцца падарункі. І гэта вельмі важна, бо па-сапраўднаму перажыць Божае нараджэнне можам тады, калі паяднаемся з нашымі бліжнімі, калі папросім аб прабачэнні і самі прабачым тых, хто нас пакрыўдзіў. Бо так паступае з намі Бог у сваім Сыне. Ён адорвае нас любоўю, бо прымае нас такімі, якія мы ёсць. Не памятае, не згаджаецца на зло, але ніколі не перакрэслівае чалавека. Хрыстос нараджаецца ў стайні. Гэтым хоча падкрэсліць, што не цураецца ніякай жыццёвай сітуацыі чалавека, у якую б мы не патрапілі. Ён прыйшоў, каб яе змяніць. І менавіта таму мы гатовыя паверыць у гэтую збаўчую моц Езуса Хрыста. У тое, што ён можа змяніць жыццё чалавека. Так, як гэтую моц адчула на сабе Найсвяцейшая Дзева Марыя, тая, якая паверыла, што споўніцца сказанае ёй Панам. І праз гэта сталася шчаслівай. Вядома, ніхто з нас без нашага ўдзелу не зменіць нашага жыцця. Але ў гэтым мы патрабуем святла, патрабуем Божай моцы, крыніцай якой з’яўляецца ўцелаўлёнае Божае Слова.
Таму хачу пажадаць усім вам, кожнаму з нас, каб святло Бетлеемскай зоркі, якое прывяло да стайні Езуса Хрыста трох мудрацоў з Усходу, звыклых пастушкоў, што паслі свой статак, і нас. Яно нам паказала шлях да Божай мудрасці. А прынятая ўсім сэрцам, яна дапамагла нам жыць у згодзе, радасці і супакоі. Моцная вера, непахісная надзея і трывалая любоў няхай паселяцца ў кожным вашым сэрцы, у кожным вашым доме. Так, як гэта калісьці сталася ў звычайнай сціплай бетлеемскай стайні.
Са святам!
Хрыстос нарадзіўся! Славім яго!
Мы таксама далучаемся да віншаванняў біскупа. І жадаем вам, паважаныя слухачы, вясёлага, утульнага і сямейнага свята Божага нараджэння!
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя