Біскуп Касабуцкі: Паводзіны славікоў паказваюць павелічэнне страху ўлады перад народам
„Сённяшнія паводзіны сілавікоў паказваюць павялічэнне страху і боязі дзяржаўнай улады ў дачыненні да беларускага народа”, — напісаў генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі на сваёй старонцы ў „Фэйбуку”.
„Мы ўсе добра ведаем і бачым, што адбываецца ў нашай каханай Беларусі. Насілле, гвалт, катаванні, зневажанне чалавечай годнасці, агрэсія з боку дзяржаўных сілавых структур у адносінах да мірных грамадзян нашай краіны”, — зазначыў ён.
„Разбурэнне народнага мемарыяла, які паўстаў на месцы брутальнага захопу Рамана Бандарэнкі, быў чарговай спробай знішчыць усё тое высакароднае, чыстае, светлае, што ёсць у нашых людзей”, — лічыць біскуп.
На яго думку, арышт шматлікіх мірных грамадзян закліканы запалохаць іншых людзей. „Аднак усе гэтыя рэпрэсіі толькі ўмацоўваюць нас. Заахвочваю маліцца за наш народ, аб умацаванні духу, адвазе і смеласці ў гэтых выпрабаваннях. Таксама не забываць далучаць да малітвы інтэнцыю аб навяртанні для тых, чые рукі запэцканыя крывёю людскою…” — напісаў святар.
Ён разлічвае на Божую ласку, „каб народ наш дастойна прайшоў праз гэта выпрабаванне”.
belapan.by