Біскуп Касабуцкі заявіў пра ўзмацненне рэпрэсій супраць Касцёла 



«Мы бачым актывізацыю рэпрэсій у дачыненні Касцёла», заявіў біскуп Юры Касабуцкі. Біскуп Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі падтрымаў святароў, асуджаных на суткі адміністрацыйнага арышту.

Пра гэта ён напісаў у сваім фэйсбуку. Цытата: «Мы адкрыта выступаем супраць кожнага граху, супраць насілля і гвалту, супраць хлусні і фальшу, супраць рэпрэсій, супраць ціску і запалохвання, супраць прыніжэння чалавечай годнасці, бо кожны чалавек створаны па вобразу і падабенству Божаму. Мы асаблівым чынам молімся аб супакоі, згодзе, салідарнасці і адзінстве беларускага народа.Аднак усё гэта хтосьці лічыць праявай экстрэмізму, распальваннем варожасці і на т.п.!».

Юрый Касабуцкі чарговы раз заклікаў да ўзмацнення малітвы за Бацькаўшчыну, беларускі народ, за людзей, якія знаходзяцца за кратамі па палітычных матывах, за тых, каго звальняюць з працы за іх погляды, за тых, каго запалохваюць і шантажуюць. Біскуп заклікаў па меры магчымасці ў кожным касцёле, кожнай капліцы публічна маліцца за ксяндза Вячаслава Барка і айца Віталя Быстрова і тлумачыць людзям пра сапраўдныя прычыны трымання гэтых святароў у вязніцах.

Як паведамлялася, названыя пробашч касцёла ў Расонах грэка-каталіцкі святар з Івацэвічаў атрымалі па 10 сутак арышту. Ксёндз Барок змясціў у сваім фэйсбуку плакат Уладзіміра Цэслера, які суд палічыў прапагандай нацысцкай сімволікі, а айцец Віталь быў асуджаны за «ўдзел у несанцыянаваным мерапрыемстве».

 Беларускае Радыё Рацыя