Біскуп Кашкевіч: Няхай Уваскрослы Хрыстос умацуе ў кожным з нас надзею!



З нагоды Вялікадня ардынарый гарадзенскай дыяцэзіі, мясцовы кіраўнік рыма-каталіцкай Царквы біскуп Аляксандар Кашкевіч звярнуўся да аднаверцаў са словамі віншавання.

— Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры, дарагія дыяцэзіяне! Хрыстос Уваскрос! Алеллюя! Гэтае пасланне радасці і надзеі гучыць сёння ў нашых сэрцах. Мы адзначаем найстарэйшае і разам з тым найважнейшае хрысціянскае свята: урачыстасць Уваскрасення Пана. У пасхальнай таямніцы мукі, смерці і Уваскрасення здзейснілася справа нашага Збаўлення. Езус Хрыстус назаўсёды перамог усе сілы зла, граху і смерці, а сэрцы сваіх вызнаўцаў напоўніў надзеяй цалкам новага жыцця ў вечнасці. Паўстаўшы з мёртвых. Сын Божы спаўняе ўласнае абяцанне: «І вось я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку..». Уваскрослы Хрыстус застаецца з намі, пілігрымуе з намі па шляхах жыцця, з’яўляецца нашым Панам і Збаўцам, у кожным месцы і ў кожны час. Ягоная прысутнасць сярод нас у слове Евангелля, у Святых Сакрамэнтах, у супольнасці Касцёла, падтрымлівае нас у штодзённым паміранні для граху і жыцця для Бога. Адзначаючы таямніцу нашага адкуплення, жадаю ўсім Вам, дарагія браты і сёстры, глыбокага спазнання надзвычайнай блізкасці Пана і ягонай бясконцай любові. Няхай Уваскрослы Хрыстос умацуе ў кожным з нас надзею і ажывіць веру, няхай сваёй ласкай нястомна адкрывае нашы сэрцы на моц ягонай любові, на дар міру, прабачэння і паяднання. Няхай глыбокая асабістая сустрэча з Адкупіцелем прынясе як мага больш прыгожы плён у жыцці асабістым, сямейным і грамадскім. Яднаючыся духоўна ў перажыванні велікоднай радасці, жадаю Вам усім, дарагія дяцзіяне, Божага благаслаўлення, добрага здароўя і шчодрасці ўсялякіх ласкаў ад Уваскрослага Збаўцы. Вясёлых святаў!    

У Гародні, ксёндз-біскуп Аляксандар Кашкевіч будзе цэлебраваць Імшу Велікоднай вігіліі а 19-00 гадзіне ў катэдры імя Францішка Ксаверыя  ў суботу, 31-га сакавіка, а 1-га красавіка, там жа, на сам Вялікдзень, узначаліць рэзурэкцыю ( Велікодную імшу ) а сёмай гадзіне раніцы.

Велікоднае набажэнства пройдзе і ў беларускіх грэка-каталікоў, у Гародні яно пачнецца ад Ютрані й літургіі ад 22-ой гадзіны, 31-га сакавіка.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя