Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч віншуе слухачоў Радыё Рацыя са святам Божага Нараджэння
25 снежня каталікі і пратэстанты святкуюць Божае Нараджэнне. Гэта адно з найгалоўнейшых святаў у вернікаў. Напярэдадні свята, у рэчышчы традыцыі падсумоўваць усё, што здарылася з людзьмі і нашай краінай за гэты нялёгкі год, Віцебскі біскуп Алег Буткевіч звярнуўся да ўсіх з галоўным пажаданнем – адраджацць усё добрае ў сваіх душах, змяняючы да лепшага сябе і ўвесь навакольны свет:
– Свята Божага нараджэння – вельмі светлае і доўгачаканае свята для кожнага чалавека, ад малога да вялікага. Таму няхай яно спрыяе адраджэнню ў нас усяго, што найлепшае! Няхай дапамагае пераадольваць цяжкасці, няхгоду, канфлікты. Каб, беручы прыклад з Хрыста, які прыйшоў у гэты свет не для таго, каб яго судзілі, але каб аддаць сваё жыццё дзеля іншых, вучыліся таксама глядзець на гэты свет па-Божаму. Шукалі найперш таго, што ёсць праўдзівае, годнае, шляхетнае ў нашым жыцці і выкаранялі зло – перад усім са свайго сэрца, са сваёй душы. І тады навакольнаму свету будзе прасцей станавіцца лепшым.
Усім вам, дарагія слухачы, я жадаю здароўя, поспехаў, супакою і Божага благаслаўлення. Радасных святаў і шчаслівага Новага года!
Перадсвяточныя пажаданні ад біскупа Віцебскага сёлета ўжо атрымалі жыхары абласнога цэнтру. 16 снежня ў абласной бібліятэцы адбылася літаратурна-музычная імпрэза “Ціхая ноч, святая ноч”, у якой узяў удзел і біскуп Алег Буткевіч, прачытаўшы верш і праспяваўшы пад гітару калядную песню.
Беларускае Радыё Рацыя