Біскуп Юрый Касабуцкі заклікаў маліцца за мір, прымірэнне і дыялог



Больш за тысячу чалавек прыйшло ўвечары 5 верасня ў сталічны Чырвоны касцёл на малітву за пацярпелых, забітых і зняволеных падчас мірных акцый пратэсту. Не ўсе змясціліся ўнутры, некаторыя слухалі яе на ганку, тэрыторыі вакол касцёла і плошчы Незалежнасці.

„Мы сабраліся памаліцца за людзей, якія хацелі, каб наша Бацькаўшчына была шчаслівай. За ўсіх людзей, якія хацелі, каб мы жылі ў свабоднай краіне, якія хацелі, каб у нашай краіне не было шантажу, запалохванняў, рэпрэсій, уціску, бо менавіта на гэтых падмурках сёння базуецца наша жыццё. Але мы хацелі б быць свабоднымі, міралюбівымі — беларусы, якія будуюць шчаслівую будучыню”, — сказаў падчас службы генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

Паводле яго слоў, людзі мірна выйшлі на вуліцы, але „многія з іх не вярнуліся дадому і ўжо не вернуцца ніколі”. „Мы кажам: „Даруй нам, Божа, што на нашай зямлі хтосьці загінуў, аддаў сваё жыццё. Гэта трагедыя, трагедыя ўсяго нашага народа”, — заявіў святар.

Касабуцкі падкрэсліў, што гэтых людзей, нават калі яны былі далёка ад Бога, ён прытуліў да свайго сэрца. Біскуп таксама нагадаў пра тых, каго за тое, што яны мірна выказвалі свой пратэст, „збілі, скалечылі і адвезлі на Акрэсціна, у Жодзіна, дзе над імі здзекаваліся і катавалі”.

Біскуп нагадаў пры гэтым пра неабходнасць прабачаць, падкрэсліўшы, што гэта не слабасць. „Прабачыць можа толькі моцны чалавек”, — падкрэсліў святар, дадаўшы, што, прабачаючы, „ты дакранаешся да самога Бога”. Сумленне — гэта тое, „што дазваляе чалавеку зразумець, што ёсць добрае, што дрэннае, нягледзячы на тое што яму прамываюцца мазгі”, сказаў ён, і ўспомніў у сувязі з гэтым пра „людзей, якія займаюцца катаваннямі”, а таксама пра суддзяў, якія „оптам сёння даюць розныя прысуды”.

Касабуцкі выказаўся пра салідарнасць: „Трагедыя народа, якая цяпер адбываецца ў нашай краіне, паказала нам, хто ёсць хто. Але як гэтая трагедыя, гэты крызіс аб`яднаў людзей. Нас уціскаюць, але мы самі становімся іншымі. Шляху назад няма. Але ёсць шмат дабра для кожнага з нас. Гэта наша салідарнасць”.

Біскуп нагадаў аб тым, колькі людзей добраахвотна аказвалі дапамогу. „Гэта нашы людзі. Нашы! Беларусы! Гэта мы!” — падкрэсліў святар.

Біскуп заклікаў маліцца за спакой, прымірэнне, згоду, каб быў магчымы дыялог. „Я прашу, каб добры Бог благаславіў нашу Айчыну, а Маці Божая атуліла нас усіх плашчом сваёй апекі. І вернікаў, і няверуючых, і тых, якія ўцякаюць, і тых, якія даганяюць, тых, якія ў вязніцах ляжаць на падлозе, і тых, якія ставяць свой бот ім на галаву. Каб Маці Божая выпрасіла ў Бога гэтую ласку супакою, згоды, прабачэння, міру. Усё гэта зробіць нас шчаслівымі”, — сказаў на заканчэнне Юрый Касабуцкі.

Канец яго прамовы прысутныя сустрэлі авацыяй.

Падчас службы з плошчы былі чутныя папярэджанні аб незаконнасці ўдзелу ў масавым мерапрыемстве, стаялі аўтазакі, аднак перашкод з боку міліцыі ці затрыманняў не было.

belapan.by