Біскупы Беларусі наведаюць Ватыкан
Біскупы Беларусі з 31 студзеня па 7 лютага наведаюць Апостальскую Сталіцу з візітам ad limina Apostolorum, паведамляе партал беларускага Рымска-каталіцкага касцёла.
Візіт Ad limina apostolorum, што ў перакладзе з латыні азначае „да апостальскіх парогаў”, з’яўляецца традыцыйным для епіскапату той ці іншай краіны наведваннем Ватыкана, якое ажыццяўляецца, як правіла, кожныя пяць гадоў. Падчас візіту іерархі сустракаюцца з кіраўнікамі розных ведамстваў рымскай курыі і папам рымскім, перад якімі даюць справаздачу аб становішчы спраў у кожнай дыяцэзіі.
„Са свайго боку мы будзем запрашаць папу наведаць нашу краіну, якая чакае і не можа дачакацца візіту святога айца, — цытуе партал старшыні Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі, мітрапаліта Менска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. — Таксама мы будзем абмяркоўваць сітуацыю, у якой знаходзіцца касцёл ў Беларусі”.
„Мы хочам падкрэсліць, што, з аднаго боку, дзяржава паважае каталіцкі касцёл і высока шануе яго шматбаковую дзейнасць: выхаванне чалавека на хрысціянскіх каштоўнасцях, клопат аб моладзі, падтрымку традыцыйнага інстытута сям’і і Божага дару жыцця, дабрачыннасць, развіццё міжканфесійных і міжхрысціянскіх адносін. З іншага боку, мы сутыкаемся з шэрагам праблем… Мы пастаянна паўтараем, што існуе вострая неабходнасць карэкціроўкі заканадаўства аб свабодзе веравызнання, якое не адпавядае рэаліям. Ёсць вялікая нявырашаная праблема са служэннем замежных святароў, у якіх мы яшчэ маем патрэбу; а таксама праблема служэння еўхарыстыі святарамі-гасцямі, якія не могуць гэтага рабіць без папярэдняга дазволу ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў”, — адзначыў каталіцкі іерарх.
Паводле слоў мітрапаліта, неабходна вырашаць складаныя праблемы „пастырскай апекі ў школах, ВНУ, турмах, арміі” і атрымання дазволу на будаўніцтва касцёлаў. Ён таксама заявіў, што перашкодай для нармальнай дзейнасці касцёла застаюцца „адсутнасць канкардату паміж Святым прастолам і Беларуссю”, бюракратыя пры „атрыманні замежнай дапамогі” і складанасці ў арганізацыі дабрачыннай працы.
Такі візіт — таксама новая магчымасць памаліцца ў святых месцах і сустрэцца з многімі супрацоўнікамі Апостальскага Пасаду, што само сабой абагачае, бо чалавек акунаецца ў непаўторную атмасферу сталіцы хрысціянства.