Біяметрычныя пашпарты і ID-карты ў Беларусі пачнуць выдаваць з верасня
Аляксандр Лукашэнка 16 сакавіка падпісаў указ № 107 „Аб біяметрычных дакументах”.
Як паведамляе прэс-служба Лукашэнкі, у адпаведнасці з указам біяметрычныя дакументы ў краіне ўводзяцца з 1 верасня гэтага года. Іх выкарыстанне дазволіць аўтаматызаваць працэдуру ідэнтыфікацыі асобы, спрасціць праходжанне пашпартнага кантролю пры перасячэнні мяжы, будзе спрыяць развіццю электронных сэрвісаў.
У дакументы новага тыпу будзе ўбудаваная мікрасхема, якая змяшчае фотавыяву, адбіткі пальцаў рук і іншыя персанальныя дадзеныя ўладальніка.
Усяго з’явіцца 8 новых відаў дакументаў, якія змяшчаюць біяметрычныя дадзеныя, у тым ліку ідэнтыфікацыйная карта грамадзяніна і біяметрычны пашпарт. За выдачу ідэнтыфікацыйнай карты спатрэбіцца заплаціць 1,5 базавай велічыні (цяпер 1 БВ роўная 29 рублям), біяметрычнага пашпарта — 2 базавыя велічыні.
ID-карты плануецца выкарыстоўваць на тэрыторыі Беларусі для сведчання асобы ўладальніка. Біяметрычныя пашпарты спатрэбяцца для выезду за мяжу (калі грамадзянін не плануе такія паездкі, атрымліваць гэты пашпарт не патрабуецца). Яго выраб магчымы толькі пры наяўнасці ў заяўніка ідэнтыфікацыйнай карты.
Таксама пашыраецца функцыянал дакументаў, якія сведчаць асобу. За кошт выкарыстання асабістага электроннага лічбавага подпісу ідэнтыфікацыйная карта дазволіць здзяйсняць юрыдычна значныя дзеянні ў электронным выглядзе.
Абавязковай замены наяўных у насельніцтва пашпартоў на новыя біяметрычныя дакументы не плануецца. Пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, які дзейнічае ў цяперашні час, будзе выдавацца на ранейшых умовах.
„Грамадзяне самастойна будуць вырашаць, які від дакумента, што сведчыць асобу, яны хочуць атрымаць (біяметрычныя дакументы або пашпарты дзейнага ўзору). Кошт афармлення дзейных пашпартоў не зменіцца. Захоўваецца і магчымасць выезду за мяжу па гэтым дакуменце”, — гаворыцца ў паведамленні.
25 студзеня тэма біяметрычных пашпартоў абмяркоўвалася на нарадзе ў Лукашэнкі, які заявіў, што дадзенае новаўвядзенне закране абсалютна ўсіх, „але пры гэтым беларусы павінны атрымаць дадатковыя магчымасці, а не праблемы”. „Нельга выпускаць з-пад увагі цяжкасці, з якімі могуць сутыкнуцца людзі і арганізацыі пры атрыманні новых дакументаў і іх далейшым выкарыстанні. Ці не створым мы перашкод для рэалізацыі грамадзянамі сваіх правоў, ці забяспечым абарону іх персанальных дадзеных? Гэта мяне больш за ўсё насцярожвае. На дадзеным этапе нават „двойкі” вам нельга паставіць па абароне персанальных дадзеных. Ці не атрымаецца, што мы нахамутаем яшчэ адну праблему, па-народнаму кажучы? Ці трэба ўводзіць біяметрычныя дакументы імгненна, як прапануецца, з 30 красавіка, або патрабуецца яшчэ час для падрыхтоўкі? Усе пытанні трэба старанна адпрацаваць да пачатку выдачы новых дакументаў”, — падкрэсліў Лукашэнка.