Біёлаг: Расея сапраўды палае ад каронавіруса



У Беларусі, у сувязі з пандэміяй, спыняюцца забаўляльныя мерапрыемствы, канцэрты, выставы. У школьным асяроддзі адмоўлена ў арганізацыі і правядзенні экскурсіяў. Перакрыта па ўсім перыметры беларуская мяжа яе суседзямі.

Але некаторыя беларускія грамадзяне ўважаюць, што меры палавіністыя. З гэтым не пагаджаецца кандыдат біялагічных навук, дацэнт Валянцін Лучко з Гародні, які за ўзор стаўлення да каронавіруса прыводзіць Шведскую сістэму аховы здароўя.

– Яна сканцэнтравалася. Маю на ўвазе, ахову здароўя. Ніякай панікі. Яны проста пачалі надаваць ўвагу старым людзям для таго, каб зменшыць сярод іх смяротнасць. Моладзі міністрэства здароўя у прамым сенсе сказала: адчапіцеся, мы нават вас не будзем правяраць.

Хвароба каронавірусу, на думку Валянціна Лучка, – вялікая бурбалка, якая мае вялікі палітычны, а не біялагічны рэсурс. А закрыццё мяжы з Расейскай Федэрацыяй, якое адбылося па яе ініцыятыве, абароніць беларускае насельніцтва ад распаўсюду віруса. Бо там аграмадная колькасць ВІЧ-інфікаваных, а гэта мае непасрэднае дачыненне да пашырэння віруса. Цяпер колькасць хворых на імунадыфіцыт у Расейскай Федэрацыі амаль мільён.

Кажа Валянцін Лучко:

– Імунадэфіцыт масавы сярод насельніцтва. Ясна, што гэта бедната, няправільныя адносіны – многа-многа тут прычын. Рэальна паказчык захворвання каронавірусам у Расеі напэўна ў дзясятак разоў большы, чым у той жа Польшчы. Мінімум у дзясятак. А можа і ў сто разоў. І ясна, што ён большы, чым у нас.

Адносна выказвання Лукашэнкі, што „Расея палыхае ад каронавіруса”, біёлаг цалкам згодны.

Валянцін Лучко лічыць, што пандэмія прыпыніцца тады, калі тая, ці іншая ўлада краінаў, вырашыць, што яна выканала тыя, ці іншыя палітычныя мэты. Асабістае пажаданне біёлага, каб у Беларусі пандэмія закончылася не пачаўшыся.

Цалкам размова:

Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя