Біёлаг: Жорсткія правілы асабістай гігіены – лепшая прафілактыка ад каронавіруса



„Жорсткія правілы асабістай гігіены – лепшая прафілактыка ад каронавіруса,” – раіць беларусам біёлаг Валянцін Лучко. Паколькі сфера каронавіруса датычыць перш вірусалогіі, то біялогія можа даць шмат ведаў у развязанні прыроды жыцця гэтай хваробы.

Пра абявязковае ўжыванне масак на твары ў месцах вялікай колькасці людзей, кажа Валянцін Лучко:

– Я бачыў у адной краіне, якую з задавальненнем называю, гэта Японская імперыя, мусіць самая дэмакратычная імперыя ў свеце, дзе падчас эпідэміі грыпа на працягу аднаго-двух тыдняў можна ўбачыць не проста многіх, якія ходзяць у гігіенічных масках, супрацьбактэрыяльных, а ўбачыць у грамадскім транспарце палавіну, а то і дзве траціны пасажыраў у масках.

У Беларусі нашэнне масак не сустрэнеш нават падчас эпідэміяў грыпа ў паліклініках сярод лекараў, – заўважае Валянцін Лучко:

– Пакуль мы не навучым нашую моладзь, перш за ўсё, бо нашае постсавецкае пакаленне, якое не тое што не хацела адзяваць маскі, іх проста не было, зручных, камфортных масак. Цяпер, калі яны нарэшце з’явіліся, задача падчас такіх сітуацый у месцах, дзе збіраецца мноства людзей, прапагандаваць адзяваць сродкі элементарнай гігіены.

Як цвердзіць дацэнт, кандыдат біялагічных навук Валянцін Лучко, весткі пра каронавірус чалавека былі вядомыя яшчэ паўстагоддзя таму. І ён не больш небяспечны за грып, да якога стаўленне ў беларускай ахове здароўя не дастаткова паважнае. 

Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя