БХД арганізуе бясплатную экскурсію ў Курапаты
Аргкамітэт партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” (БХД) запрашае ўсіх ахвотных прыйсці 7 лістапада ва ўрочышча Курапаты, каб навесці парадак на тэрыторыі.
„Сёння тэрыторыя Курапатаў занядбаная, на косткі нявінна забітых выкідваецца смецце, расце пустазелле, распіваецца алкаголь, памятныя крыжы апаганьваюцца. Увекавечанне памяці бязвінна загінулых продкаў — абавязак кожнага грамадзяніна Беларусі. Курапаты — гэта святыня беларускага народа, месца пакутніцтва, жалобы і смутку, якое можна параўнаць па сваіх маштабах з Асвенцімам”, — адзначаецца ў паведамленні, размешчаным на сайце БХД.
Збор абвешчаны на 12.00 на канцавым прыпынку тралейбусаў 53 і 46 (вуліца Мірашнічэнкі) у мікрараёне Зялёны Луг.
На наступны дзень, 8 лістапада, у Курапатах пройдзе бясплатная экскурсія, арганізаваная аргкамітэтам БХД сумесна з віртуальным музеем савецкіх рэпрэсій у Беларусі.
„Курапаты сталі сімвалам сталінскіх рэпрэсій у Беларусі, там з 1937-га па першую палову 1941 года абарваліся жыцці тысяч, калі не соцень тысяч нашых дзядоў і прадзедаў”, — адзначаецца ў паведамленні аргкамітэта БХД.
Прадстаўнікі БХД нагадваюць, што сёлета „спаўняецца 100 гадоў так званай Кастрычніцкай рэвалюцыі, якая праз чырвоны тэрор пачала адлік сотням тысяч і мільёнам ахвяраў камуністычных рэпрэсіяў”, а таксама 80 гадоў сумна вядомым падзеям 1937 года, на які прыпаў пік сталінскіх рэпрэсій. На тэрыторыі былога Савецкага Саюза гэтыя даты асацыююцца з гвалтам, але ў Беларусі 7 лістапада мае статус афіцыйнага свята.
Удзельнікаў экскурсіі просяць сабрацца ў 17.50 каля Крыжа Пакутаў (ДС „Зялёны Луг”) і прынесці з сабой свечкі.
Нагадаем, у сакавіку гэтага года Міністэрства культуры Беларусі абвясціла пра конкурс для прафесійных скульптараў і архітэктараў па стварэнні праекта мемарыялізацыі месца масавых пахаванняў ахвяраў сталінскіх рэпрэсій у Курапатах з мэтай „пошуку найбольш выразнага адлюстравання вобразу ўрочышча Курапаты як агульнанацыянальнага месца памяці і прымірэння”. Пра ход конкурсу Мінкультуры не паведамляла.