БХД не дазваляюць праводзіць пікеты супраць алкагалізацыі насельніцтва



Актывісты аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» сабралі  подпісы грамадзянаў у падтрымку дэалкагалізацыі насельніцтва Беларусі. На прэс-канферэнцыі ў Менску актывістка БХД Вольга Кавалькова распавяла, што сёння «ўлады хоць і дэкларуюць наяўнасць праблемы алкагалізацыі насельніцтва, але для яе вырашэння нічога не робяць». Напрыклад, адзначыла яна, са ста заявак на правядзенне пікетаў супраць алкагалізацыі насельніцтва, якія падалі актывісты БХД у 41 горадзе Беларусі, задаволеныя толькі дзве – у Клічаве Магілёўскай вобласці і Валожыне Менскай вобласці.

Па словах адказнага сакратара БХД Дзяніса Садоўскага,  людзі станоўча ўспрымаюць кампанію БХД і актыўна да яе далучаюцца.

 –  За 2 месяцы сабрана больш за 10 тысяч подпісаў з усёй краіны. Гэтая кампанія абароніць дзяцей ад алкаголю. Яна адбываецца ва ўсіх абласных гарадах. Праблема відавочная, людзі разумеюць яе. Таму ніякіх асаблівых праблемаў са зборам подпісаў не сустракалі. Будзем дамагацца, каб гэтая кампанія на нацыянальным узроўні дасягнула вынікаў і нашыя прапановы былі прынятыя.

Подпісы збіраліся прыкладна ў 30 населеных пунктах і былі перададзеныя мясцовым уладам. На сустрэчах з чыноўнікамі Міністэрства гандлю, а таксама з першым віцэ-прэм’ерам Беларусі Уладзімірам Сямашкам тыя выказвалі разуменне важнасці паднятай БХД праблемы. Арганізацыя распрацавала, у прыватнасці, заканадаўчыя прапановы, якія тычацца: вынасу алкагольнай прадукцыі з агульных гандлёвых залаў у асобныя памяшканні; забароны рэкламы алкагольных брэндаў; забароны рэкламы піва; садзейнічання дзейнасці добраахвотных арганізацый, якія дапамагаюць пазбавіцца ад алкагольнай залежнасці.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота expert.ru