БХД паскардзілася ў Вярхоўны суд
У Вярхоўны суд пададзеная скарга на адмову Міністэрства юстыцыі ў рэгістрацыі партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя. «БХД у Беларусі будзе зарэгістраваная, калі не пры гэтай, то пры наступнай ўладзе», – паведаміў адказны сакратар аргкамітэту па стварэнні партыі Дзяніс Садоўскі. Пры гэтым на станоўчае рашэнне па скарзе ён не разлічвае.
– Не спадзяемся на справядлівы разгляд гэтай справы. Больш за 20 разоў мы падавалі дакументы на рэгістрацыю, пачынаючы ад грамадскіх арганізацыяў, абласных арганізацыяў, партыяў. Усе разы нам адмаўлялі. Таму, безумоўна, гэта палітычнае рашэнне. І яно разглядаецца выключна толькі ў палітычнай плоскасці. Але гэта зроблена для таго, каб проста для гісторыі зафіксаваць той факт, што мы не згодныя з тым, што партыя не была зарэгістраваная. І тыя довады, якія ёсць у Міністэрства юстыцыі, яны не адпавядаюць ні заканадаўству, ні рэчаіснасці.
Раней Міністэрства юстыцыі ў шосты раз адмовіла ў рэгістрацыі партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД), якая нядаўна запатрабавала адстаўкі Лукашэнкі. Як паведамляў сайт Мінюста, „у ходзе выбарачнай праверкі шэраг грамадзянаў, указаных у ліку заснавальнікаў партыі, заявілі аб тым, што не маюць да партыі ніякага дачынення і не ўдзельнічалі ў яе стварэнні, а таксама не ставілі сваіх подпісаў у спісе заснавальнікаў. Па словах Дзяніса Садоўскага, частка з гэтых грамадзянаў гатовыя выступіць у судзе і абвергнуць заявы Мінюста.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя