БХД рыхтуе кампанію па змене заканадаўства аб будаўніцтве



Аргкамітэт па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” мае намер найбліжэйшым часам распачаць кампанію па змене заканадаўства аб будаўніцтве і грамадскім абмеркаванні праектаў. Пра гэта БелаПАН паведаміў сустаршыня аргкамітэта БХД Віталь Рымашэўскі.

Палітык адзначыў, што прапановы па карэкціроўцы заканадаўства падрыхтаваныя па выніках арганізаванай аргкамітэтам 23 лютага сустрэчы грамадскіх актывістаў, якія змагаюцца супраць ушчыльнення Менска і будаўніцтва шкодных вытворчасцяў у рэгіёнах. На мінулым тыдні прапановы перададзеныя ў парламент.

„Мы сабралі прапановы ад усіх грамадскіх ініцыятыў для выпрацоўкі адзінага падыходу, як змяніць нормы горадабудаўніцтва, — каб у будучыні немагчыма было будаўніцтва вытворчасцяў, якія атручваюць паветра, як у Светлагорску, ці патэнцыйна небяспечных для экалогіі і для жыцця людзей заводаў, як у Берасці”, — падкрэсліў Рымашэўскі.

Паводле яго слоў, у сталіцы ёсць шмат прыкладаў, калі людзі абаранялі свой раён ад ўшчыльнення, аднак гэта „не вырашае глабальных задач”, бо заканадаўства застаецца нязменным.

Рымашэўскі паведаміў, што аргкамітэт БХД мае намер на працягу вясны арганізаваць у Менску міжнародную канферэнцыю, прысвечаную вопыту вырашэння экалагічных праблем пры будаўніцтве прадпрыемстваў, на якой будзе абмяркоўвацца вопыт актывістаў з Берасця і Светлагорска, якія выступаюць супраць працы пабудаваных акумулятарнага і цэлюлознага заводаў.

У канцы 2017 года ў Светлагорску быў запушчаны завод беленай цэлюлозы. Пасля пробнага пуску завода ў лістападзе 2017 года вёску Якімава Слабада і Светлагорск „накрыла” смуродам. Людзі скардзіліся на праблемы са здароўем. Кіраўніцтва завода сцвярджала, што нарматывы не парушаныя, аднак затым вытворчасць спынілі.

6 сакавіка старшыня канцэрна „Беллеспаперапрам” Юрый Назараў сустрэўся з актывістамі ініцыятыўнай групы супраць будаўніцтва і ўводу вытворчасці беленай цэлюлозы на базе Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбіната. Паводле слоў Назарава, паўторны ўвод завода ў эксплуатацыю намечаны на жнівень-верасень.

Будаўніцтва акумулятарнага завода вядзецца на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у свабоднай эканамічнай зоне „Брэст”. На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Берасця і Берасцейскага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта і дамагаюцца спынення будаўніцтва. Грамадская кампанія супраць будаўніцтва завода пачалася ў рэгіёне ў студзені 2018 года. За гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзенне ў Берасці і Берасцейскім раёне амаль ста мерапрыемстваў. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю: 29 красавіка мінулага года на мітынг „Берасцейкі супраць свінцу” сабралася каля дзвюх тысяч чалавек. 10 сакавіка ў абласным цэнтры адбылася чарговая несанкцыянаваная акцыя праціўнікаў завода.

20 лютага падчас прэс-тура галоўны інжынер прадпрыемства Сяргей Дубнавіцкі заявіў, што выпуск доследнай партыі акумулятараў запланаваны на сакавік гэтага года.

belapan.by