БХД заклікае падтрымаць змены ў Выбарчы кодэкс



„Мы прапануем, каб выбарчая гульня была сумленнай”, – кажа Віталь Рымашэўскі. Беларуская хрысціянская дэмакратыя заклікае падтрымаць змены ў Выбарчы кодэкс і сабраць подпісы ў іх падтрымку. На сайце арганізацыі з’явілася адмысловая петыцыя.

Як паведаміла дэпутат Ганна Канапацкая, у Палаце прадстаўнікоў збіраюцца зняць з павесткі дня праект зменаў у Выбарчы кодэкс, які гарантуе больш празрысты працэс выбараў.

Ім можа заняцца наступны склад беларускага парламента і акурат такая петыцыя павінна іх да гэтага падштурхнуць, кажа сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі:

– Гэтым пытаннем павінен займацца беларускі народ і прымусіць наступны склад Палаты прадстаўнікоў прыняць гэтыя прапановы. Зрэшты гэта патрэбна ўсім. Патрабуем адкрытага падліку галасоў, правядзення сумленных, свабодных выбараў, на якіх тэарэтычна могуць перамагчы прадстаўнікі ўлады. Хаця я перакананы, што сённяшняя ўлада прайграе на сумленных, свабодных выбарах. Менавіта таму яны і баяцца гэтых зменаў, бо фальсіфікацыі – гэта адзінае, што іх сёння ратуе.

Незалежныя назіральнікі сёння не могуць кантраляваць, як лічацца галасы. Пры такім раскладзе ніводная структура не прызнае беларускія выбары – празрыстымі, тут патрэбныя перамены, падкрэслівае Віталь Рымашэўскі.

Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь прыняты ў 2000 годзе і з тых часоў рэдагаваўся 6 разоў, апошні раз у 2015 годзе.

Беларускае Радыё Рацыя