Блізкія загінуўшага ў турме Вітольда Ашурка шукаюць праўду пра яго смерць



На рэсурсе расейскай службы www.bbc.com з’явіўся вялікі матэрыял, які расказвае пра акалічнасці смерці ў турме беларускага палітвязня Вітольда Ашурка.

„Адчуванне, што час спыніўся і быццам зямля раскалолася на дзве паловы”, – узгадвае пра смерць Вітольда сяброўка, журналістка Вольга Быкоўская.

Апошні раз знаёмыя бачылі Вітольда здаровым, моцным чалавекам, які, яшчэ будучы ў калоніі, адмаўляўся ад медыцынскай дапамогі – на выхадзе сям’я атрымала схуднелае цела са шматлікімі слядамі збіцця – галава вышэй носа была закручана шчыльным пластом бінта так, што нават вока відаць не было.

На пытанне пра тое, чаму цела Вітольда выдалі з практычна цалкам забінтаванай галавой, родныя атрымалі два супрацьлеглых адказы:

„Першую версію мне агучылі ў моргу, – узгадвае брат Вітольда, Андрэй Ашурак. Да мяне выйшаў мужчына ў цывільным і сказаў: Прабачце, мы даставалі цела вашага брата з маразільніка і выпадкова выпусцілі. Калі вы не супраць, мы заматалі яго галаву бінтамі. Я сказаў: заматвайте, толькі аддайце”.

Другую версію прадаставіў сам Следчы камітэт: праз чатыры дні пасля смерці Вітольда ў телеграм-канале ведамства з’явілася відэа, на якім мужчына, які быў апрануты ў турэмную вопратку, ледзь трымаючыся на нагах, падае фактычна тварам у туалет. Пасля гэтага супрацоўнік калоніі заматвае яго галаву бінтам. Неўзабаве мужчына зноў падае – на гэты раз на бетонную падлогу. Праз некалькі секунд на кадрах з’яўляюцца пяць чалавек, якія стаяць каля бездыханага цела. Дазволу на публікацыю гэтых кадраў у сваякоў ніхто не спытаў.

https://www.bbc.com/russian