Блог NEXTA трансфармуецца ў паўнавартаснае СМІ XXI стагоддзя
Трансфармацыю ў паўнавартаснае СМІ XXI стагоддзя зараз перажывае блог NEXTA, які спыняе сваё існаванне і ператвараецца ў медыя. Пра гэта яго стваральнікі абвесьцілі некалькі тыдняў таму. Але гэта таксама не будзе традыцыйны сайт. Такім чынам аўтары блогу пазбягаюць магчымага блакавання ў Беларусі.
Пра канцэпцыю новага СМІ распавёў – аўтар канала Сцяпан Святлоў:
– Медыя ў вачах большасці грамадства ўспрымаецца як нейкі сайт. Гэта, на жаль, не будзе працаваць. Бо найхутчэй гэты сайт заблакуюць адразу ж пасля яго ўводу. Таму гэта, можна сказаць, медыя больш сучаснае, медыя ХХІ стагоддзя. Калі няма цэнтралізаванай старонкі, а ёсць рэсурсы ў Тэлеграм, на Ютубе, у іншых сацсетках. І дзякуючы гэтаму мы як бы абароненыя перад блакаваннем з боку ўладаў.
Сёння блог NEXTA — адзін з самых папулярных ў Беларусі. Ён мае 200 тысяч падпісчыкаў у Telegram і амаль 340 тысяч падпісчыкаў у YouTube. У блогу звычайна публікуецца інфармацыя пра здарэнні, унутраныя разбіральніцтвы на прадпрымствах і г. д. Аўтары кажуць, што гэту інфармацыю ім паведамляюць падпісчыкі, якія і становяцца сведкамі падзеяў, іх праца – толькі праверыць інфармацыю і распаўсюдзіць яе.
Цалкам матэрыял у далучаным гукавым файле:
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота naviny.by