Блогер Андрэй Павук звярнуўся ў Камітэт ААН са скаргай



Блогер з гарадскога пасёлка Акцябрскі (Гомельская вобласць), аўтар супольнасці „Рудабельская паказуха” у сацыяльных сетках Андрэй Павук звярнуўся ў Камітэт ААН па правах чалавека са скаргай аб парушэнні правоў на атрыманне і распаўсюджванне інфармацыі ў Беларусі, паведамляе праваабарончы сайт „Гомельская Вясна”.

Блогер пазначыў у дакуменце, што Акцябрскі райвыканкам і мясцовы савет не пусцілі яго на адкрытыя пасяджэнні чыноўнікаў і дэпутатаў. Акрамя таго, паведаміў Павук у звароце, 23 жніўня 2018 года суд Акцябрскага раёна Гомельскай вобласці аштрафаваў яго на 735 рублёў за інтэрв’ю з мясцовымі жыхарамі, пасля паказанае на польскім тэлеканале для Беларусі „Белсат”.

У сваёй скарзе Павук просіць КПЧ ААН устанавіць факт парушэння сваіх правоў, а таксама рэкамендаваць ураду Беларусі прывесці нацыянальнае заканадаўства аб СМІ ў адпаведнасць з міжнароднымі абавязацельствамі краіны.

Як паведамлялася, у сярэдзіне снежня мінулага года Камітэт ААН па правах чалавека зарэгістраваў скаргі на парушэнне свабоды слова ў Беларусі ад журналістаў-фрылансараў з Глыбокага (Віцебская вобласць) Таццяны Смоткінай і Дзмітрыя Лупача.