Блогер Сяргей Ціханоўскі асуджаны яшчэ на 15 сутак арышту
Відэаблогера Сяргея Ціханоўскага (youtube-канал „Краіна для жыцця”) 10 студзеня суд Савецкага раёна Гомеля прыгаварыў да новага адміністрацыйнага арышту на 15 сутак за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу ў Менску 20 снежня. Рашэнне вынес суддзя Аляксандр Мохараў.
Да новага тэрміну Ціханоўскі прыгавораны за дзень да меркаванага вызвалення пасля папярэдняга 15-сутачнага арышту.
Як паведамлялася, Ціханоўскі быў асуджаны на 15 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу ў Менску, які адбыўся 21 снежня, і павінен быў выйсці на волю 11 студзеня.
Падставай для новага адміністрацыйнага пратакола паслужылі паказанні сведак — супрацоўнікаў сталічнай міліцыі. Яны сцвярджаюць, што 20 снежня Ціханоўскі актыўна ўдзельнічаў у несанкцыянаваным мітынгу ў Менску супраць інтэграцыі Беларусі і Расеі, размахваў сцягам і выкрыкваў „Жыве Беларусь!”. Блогер у судзе заявіў, што паказанні міліцыянераў напісаныя „пад капірку” — такія ж абвінавачанні гучалі на папярэднім працэсе.
Ціханоўскі растлумачыў, што прыязджаў у Менск, каб зняць відэа на мітынгу за незалежнасць Беларусі, і не браў актыўнага ўдзелу ў мерапрыемстве. Для пацвярджэння гэтых слоў гамяльчанін прадэманстраваў свой відэаблог. На роліку бачна, як на працягу ўсяго мітынгу Ціханоўскі вядзе здымку, задае пытанні ўдзельнікам, але не размахвае сцягам і не выкрыквае лозунгі.
Аднак суддзя прызнаў блогера вінаватым у актыўным удзеле ў несанкцыянаваным мітынгу і пакараў максімальным тэрмінам адміністрацыйнага арышту. Такім чынам, Ціханоўскі будзе знаходзіцца ў ІЧУ 30 сутак запар. Гамяльчанін лічыць, што такім чынам улады яму помсцяць за тое, што ён „паказвае праўду, якой няма на дзяржаўных тэлеканалах”.
belapan.by