Блогер Віктар Малішэўскі на волі, візіт ДФР меў дачыненне да яго жонкі



 Блогер і дырэктар дэпартамента па камунікацыях „Альфа-Банка” Віктар Малішэўскі на волі, паведаміла БелаПАН яго жонка Галіна Малішэўская.

„Ён мне патэлефанаваў і сказаў, што яго адпусцілі. Прыходзілі па пытанні майго супрацоўніцтва з „Прэс-клубам”, — сказала Малішэўская.

У кватэры зрабілі вобшук. Ці канфіскавалі што-небудзь супрацоўнікі дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю, якія прыходзілі ў кватэру да Малішэўскіх, яна не ведае.

Тэлефон Віктара Малішэўскага па-ранейшаму недаступны.

Раней Галіна Малішэўская паведаміла БелаПАН, што калегі яе мужа патэлефанавалі ёй раніцай і сказалі, што Віктар не выйшаў на працу. Яна патэлефанавала сяброўцы, у якой ёсць ключы ад кватэры, і папрасіла праверыць, што там адбываецца. Каля 12.30 тая адкрыла дзверы ў кватэру, але прайсці ёй не далі супрацоўнікі ДФР КДК, якія ўжо былі ўнутры. „Што яны там робяць і на якой падставе, мы не ведаем”, — казала Малішэўская.

Яна звязвае гэтую сітуацыю „з тым, што адбываецца цяпер з усімі журналістамі”.

belapan.by