Блогер выклікаў у суд кіраўніцтва раёна
Блогер дабіваецца свабоднага допуску да пасяджэнняў райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў у судовым парадку. Жыхар пасёлка Акцябрскі Андрэй Павук выклікаў у суд кіраўніцтва раёна, паколькі ўсе яго спробы трапіць на пасяджэнні прадстаўнікоў улады аказаліся бясплённымі. Прадстаўляць інтарэсы Андрэя Павука ў судзе плануе юрыст “Беларускай асацыяцыі журналістаў” Леанід Судаленка:
– Паводле закону аб мясцовым самакіраванні, паводле закону аб дзяржаўнай службе і закону аб інфармацыі, – усе гэтыя базавыя законы дэкларуюць прынцып адкрытасці дзейных дзяржаўных органаў. Акцябрскі райвыканкам і мясцовыя саветы дэпутатаў спасылаюцца на нейкі ўнутраны рэгламент. Канешне, мы з ім будзем знаёміцца. Але ж я ўпэўнены, што гэты рэгламент не з’яўляецца нарматыўна-прававым актам. Нават калі ён і прыняты, то ён не павінен супярэчыць базавым законам.
Суд па пазове Андрэя Павука ў дачыненні да Акцябрскага выканкама і райсавета дэпутатаў пачнецца 25 ліпеня а 10-й гадзіне.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель
