Блогера «Шэрага ката» і двух актывістаў «Еўрапейскай Беларусі» асудзілі на «суткі»



Блогера «Шэрага ката» і двух актывістаў «Еўрапейскай Беларусі» асудзілі на «суткі».

Цяпер актывісты Арцём Чарняк і Міхаіл Бандарэнка, а таксама блогер Дзмітрый Казлоў знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання на завулку Акрэсціна ў Менску, паведамляе «Вясна». Дзмітры Казлоў (блогер «Шэры кот») засуджаны да 20 сутак арышту, Арцём Чарняк – да 25 сутак, Міхаіл Бандарэнка – 17 сутак.

Чатырох актывістаў «Еўрапейскай Беларусі» – Міхаіла Бандарэнку, Артура Клімовіча, Арцёма Чарняка і Дзмітрыя Казлова – затрымалі 10 чэрвеня супрацоўнікі АМАПу.

Напярэдадні ў Telegram-канале «Еўрапейскай Беларусі» з’явіўся здымак плакатаў, зроблены насупраць будынка суда Першамайскага раёна. Аўтары плакатаў патрабавалі свабоды для актывістаў, якія адбываюць адміністрацыйны арышт у ізалятары на Акрэсціна і ў СІЗА на Валадарскага – Андрэя Войніча, Вольгі Мікалайчык, Максіма Вінярскага, Мікалая Статкевіча, Паўла Севярынца, Сяргея Ціханоўскага.

Беларускае Радыё Рацыя