Блогера з Калінкавічаў падазраюць у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці



Блогера з Калінкавічаў Віталя Манько падазраюць у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці, паведаміла БелаПАН яго жонка Валянціна.

Яго затрымалі супрацоўнікі фінансавай міліцыі, хутчэй за ўсё, ужо павезлі ў Гомель. Дапытвалі мужа супрацоўнікі Следчага камітэта. Нам толькі ўдалося даведацца, што ён падазраецца ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці ў буйным памеры„, — сказала Валянціна Манько.

4 чэрвеня ў доме блогера прайшоў вобшук, супрацоўнікі УДФР канфіскавалі кампутары, тэлефоны, носьбіты інфармацыі. „Яны ўварваліся да нас, пералезлі праз плот, я паспела зачыніць дзверы. Яны пагражалі выклікаць МНС і ўзламаць дзверы„, — адзначыла жонка блогера.

У сям’і выхоўваецца шэсць дзяцей, малодшаму два месяцы. Таксама ў блогера забралі аўтамабіль на штрафстаянку, хоць ён належыць жонцы.

Каля дома блогера сабраліся мясцовыя жыхары, якія выказвалі салідарнасць з Віталём Манько і здзіўляліся дзеянням праваахоўных органаў. Блогер вядомы ў Калінкавічах і палескім рэгіёне сваімі відэасюжэтамі на Youtube, расследаваннямі, крытыкай мясцовай улады. Многія ўдзячныя Віталю Манько за прававую і інфармацыйную дапамогу.

Ва УУС Гомельскага аблвыканкама БелаПАН паведамілі, што прэтэнзіі да Манько паўсталі з боку УДФР. Іншай інфармацыі пакуль няма.

Блогер неаднаразова крытыкаваў на сваёй старонцы дзеянні фінансавай міліцыі Мазыра — суседняга з Калінкавічамі горада.   БелаПАН