Блогераў Пятрухіна і Кабанава паставілі на прафілактычны ўлік



Берасцейскіх блогераў Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава паставілі на прафілактычны ўлік.

Гэта вынікае з апошняга ліста аднаго з уласнікаў Ютуб-канала „Народны рэпарцёр”, датаванага 26 студзеня:

– Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў некалькі тыдняў таму былі пераведзеныя ў Магілёўскую турму №4. Хоць першапачаткова іх прывезлі ў Берасце і тут жа павінны былі судзіць.

З ліста вынікае, што Сяргей Пятрухін напісаў заяву на следчага на ўзбуджэнне крымінальнай справы. За гэта, як палічыў блогер, яго паставілі на прафілактычны ўлік па катэгорыі экстрымізм.

Як патлумачылі прадстаўнікі праваабарончага цэнтру „Вясна”, такая мера значыць, што грамадскага дзеяча будуць „канваяваць у кайданках як па тэрыторыі месцаў абмежавання волі, так і за іх межамі”.

Грамадскі дзеяч задаецца пытаннем, ці такія ж меры ўжытыя ў адносінах да яго калегі Аляксандра Кабанава, і не можа зразумець, што адбываецца. Калі пачнецца судовае паседжанне па справах блогераў, таксама невядома.

Аліса Поль, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота з сацсетак