Блогераў Пятрухіна і Кабанава пераводзяць у берасцейскі СІЗА



Блогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў днямі павінны быць у Берасці. Іх пераводзяць у мясцовы СІЗА.

Гэта азначае тое, што хутка пачнуцца суды па іх крымінальных справах:

– Такая інфармацыя стала вядомая з ліставання блогераў з адной з жыхарак Берасцейскай вобласці. На дадзены момант справы перададзеныя ў пракуратуру.

Вядома таксама, што блогераў павінны перавесці разам у Берасце. Афіцыйна іх абвінавачваюць адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу. Гэта частка першая артыкула 342 (арганізацыя дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак), артыкул 369 (публічная абраза прадстаўніка ўлады) і артыкул 391 (абраза суддзі або народнага засядацеля).

Не выключана, што ў адносінах да грамадскіх дзеячоў таксама будзе ўжыты артыкул 130 Крымінальнага кодэксу (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або розні). Пра гэта ў сваім папярэднім лісце ў рэдакцыю „Брэсцкай газеты” паведамляў сам Аляксандр Кабанаў. Інкрымінаваць чарговы артыкул, на яго думку, можа спатрэбіцца для зацягвання часу.

Аліса Поль, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота з сацыяльных сетак