Блогерку Вольгу Такарчук змясцілі ў карцар



Бацькі блогеркі сёння, 8 чэрвеня, даведаліся, што іх дачку змясцілі ў карцар у турме ў Жодзіне.

«Сёння раніцай мы прывезлі Олі перадачу ў Жодзіна, тое што яна прасіла ў лісце: агуркі, памідоры, цыбулю, салат, часнык, чорны хлеб. Перадачу ў нас не прынялі. Мы даведаліся, што яе змясцілі ў карцар да 14 чэрвеня», — сказаў бацька Вольгі Андрэй Такарчук.

Бацькам сказалі, што нібыта Вольга парушыла правілы ўнутранага распарадку. У чым выявілася парушэнне, бацькам не патлумачылі. Магчыма, гэта стане вядома пасля наведання адваката.

«Само па сабе пазбаўленне волі — гэта шок. А карцар — гэта шок удвая», — сказаў бацька, былы супрацоўнік міліцыі. На маці двух непаўналетніх дзяцей, блогерку Вольгу Такарчук завялі справу па трох крымінальных артыкулах: 391-м (абраза суддзі або народнага засядацеля), 188-м (паклёп) і 342-м (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх).

Блогерку чарговы раз затрымалі 19 траўня і адвезлі ў Першамайскі РУУС, а 23 траўня яе арыштаваў пракурор Першамайскага раёну Менску. З ізалятару на Акрэсціна яе перавялі ў турму № 8 у Жодзіне.

У блогеркі Вольгі Такарчук двое непаўналетніх дзяцей — 3 і 7 гадоў.

Вольга Такарчук вядзе палітычны блог, які мае каля 37 тысяч падпісчыкаў.

Раней яе вінавацілі паводле адміністрацыйнага артыкулу нібыта за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Падставай былі яе блогі, а таксама тое, што яна пускала балонікі з балкона кватэры. Блогерку неаднаразова затрымлівалі. Апошні раз затрымалі 14 траўня, паўдня яе пратрымалі ў РУУС за тое, што яна нібыта махала рукамі і брыдка лаялася каля РУУС.

svaboda.azureedge.net