Блогеру Аршынскаму прысуджана яшчэ 11 сутак арышту
Магілёўскі відэаблогер Міхаіл Аршынскі атрымаў яшчэ 11 сутак арышту за ўдзел у акцыі салідарнасці з яго гомельскім калегам Сяргеем Ціханоўскім, паведаміў праваабарончы сайт spring96.org. Разгляд адміністрацыйнай справы прайшоў у судзе Ленінскага раёна Магілёва. Сваю віну Аршынскі не прызнаў.
Сведка з яго боку, рэдактар сайта 6tv.by Дзмітрый Салаўёў, заявіў на судзе, што Аршынскі выконваў рэдакцыйнае заданне — працаваў на акцыі салідарнасці з Ціханоўскім каля ізалятара часовага ўтрымання, дзе той знаходзіўся.
Напярэдадні суд Кастрычніцкага раёна абласнога цэнтра арыштаваў Аршынскага на 10 сутак. Блогер нібыта ўдзельнічаў у сустрэчы з камандай Ціханоўскага каля аднаго з мясцовых супермаркетаў. Аршынскі быў затрыманы 7 траўня.
