Блогеру Кабанаву не далі паехаць з Бярозы ў Берасце



17 лютага прыкладна ў 7.30 на чыгуначным вакзале Бяроза-горад быў затрыманы двума супрацоўнікамі Бярозаўскага РАУС актывіст плошчы ў Берасці блогер Аляксандр Кабанаў.  На словы блогера, што ён мае квіток і павінен паехаць у Берасце, і самастойна прыйдзе ў аддзел пасля паездкі, яму адказалі, што ёсць каманда з Берасця апытаць Кабанава менавіта цяпер. Такім чынам, пасадзілі ў міліцэйскую машыну і прывезлі ў аддзел. Расказвае блогер:

– Знайшлі мяне на вакзале. Хіба каля майго дома стаялі і дзяжурылі. 2 з паловай гадзіны я сядзеў там у іх, не спяшаючыся мяне дапытвалі. Пыталіся, з якой мэтай еду ў Берасце, цікавіліся мінулай нядзеляй, з кім і куды ішоў. Смешна, канешне.

Апытваў Аляксандра Кабанава маёр Сяргей Несцяровіч. Прыгадаем, што ў Берасці кожную нядзелю ў цэнтры горада збіраюцца людзі, нязгодныя з будаўніцтвам акумулятарнага завода “АйПаўэр”. На думку людзей, гэта шкодная вытворчасць і для чалавека, і для прыроды. Акрамя таго, незалежныя эксперты кажуць пра парушэнні ў праектнай дакументацыі завода.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце