БНФ даслаў у вайсковыя бібліятэкі патрыятычныя выданні



З нагоды Дня Беларускай Вайсковай Славы, які адзначаецца 8-га верасня, Партыя БНФ даслала ў бібліятэкі беларускіх вайсковых частак і навучальных установаў кнігі па вайсковай гісторыі краіны і часопісы патрыятычнага зместу.

Акцыя прымеркаваная да 504-й гадавіны слаўнай перамогі войскаў Вялікага княства Літоўскага на чале з Канстанцінам Астрожскім над войскамі Маскоўскага княства ў бітве пад Воршай 8 верасня 1514 года. Гэтая дата ў беларускім патрыятычным календары адзначаецца як Дзень Беларускай Вайсковай Славы.

Як паведаміў адказны сакратар Управы БНФ Зміцер Салошкін, патрыятычная літаратура дасланая ў бібліятэкі вайсковых частак ва ўсіх абласцях краіны і ў Менска, а таксама ў навучальныя ўстановы, якія належаць да сілавых міністэрстваў і ведамстваў.

Сярод дасланых выданняў – першы выпуск новага гістарычнага навукова-папулярнага часопіса “Наша Гісторыя” і адмысловы нумар часопіса “ARCHE-Пачатак”, прысвечаны стагоддзю БНР, кнігі пра беларускіх ваеначальнікаў, пра перамогі беларускай зброі, пра беларускі вайсковы рыштунак ды пра іншыя аспекты вайсковай гісторыі, а таксама матэрыялы пра Беларускую Народную Рэспубліку.

Беларускае Радыё Рацыя