БНК і КХП-БНФ адзначаць 8 верасня асобна
Набліжаецца Дзень беларускай вайсковай славы, які не прызнае на афіцыйным узроўні дзяржава, але штогод святкуюць патрыятычныя сілы.
Адразу ў двух месцах Менска пройдуць святкаванні, якія адначасова стануць і акцыямі пратэсту супраць вайсковых вучэнняў “Захад-2017”. На Кастрычніцкай плошчы а 19-й гадзіне пачнецца сход “За мірную Беларусь!”, яе ладзіць Беларускі нацыянальны кангрэс.
На гэтай, несанкцыянаванай уладамі акцыі, у прыватнасці, будзе зачытвацца клятва на вернасць Беларусі, кажа палітычны дзеяч і паэт Уладзімір Някляеў:
– Акцыя заяўлена на восьмае верасня на Кастрычніцкай плошчы, план акцыі апублікаваны ў незалежных СМІ. Усе, хто там збіраюцца быць, ведаюць, дзеля чаго гэта акцыя праводзіцца, якія патрабаванні будуць высунутыя, якія будуць прымацца дакументы Беларускі нацыянальны кангрэс паведаміў. Мэта яе не столькі папярэджванне магчымага захопу расейскімі войскамі Беларусі, страта незалежнасці, як многія асцерагаюць, на гэтую агрэсію на сённяшні дзень няма магчымасцяў.
А 18-й гадзіне ў Кіеўскім скверы пачнецца акцыя, арганізаваная Кансерватыўна-хрысціянскай партыяй БНФ. Адказны сакратар КХП-БНФ Алесь Чахольскі, у адрозненні ад Уладзіміра Някляева, мае больш змрочныя думкі адносна знаходжання расейскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Беларусі:
– Зараз ёсць легальная магчымасць выказаць сваё стаўленне да расейскай акупацыі Беларусі, адсвяткаваць Дзень беларускай вайсковай славы. Рашэнне за людзьмі, куды пайсці, ці туды, ці сюды. Мы запрашаем прыйсці ў Кіеўскі сквер з 18:00 да 20:30 і годна адзначыць Дзень беларускай вайсковай славы.
Акцыя ў Кіеўскім скверы а 18-й гадзіне дазволена ўладамі. Акцыя на Кастрычніцкай плошчы, якая пачнецца а 19-й гадзіне, будзе несанкцыянаванай.
8 верасня — гадавіна перамогі войска ВКЛ над Маскоўскім княствам у Бітве пад Воршай.
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя