БНК рыхтуе «Марш абураных беларусаў 2.0»
Рада Беларускага Нацыянальнага Кангрэса заявіла пра свой намер правесці 20 кастрычніка ў Менску „Марш абураных беларусаў 2.0” з патрабаваннем спыніць абрабаванне народа.
Час і месца пачатку Марша будуць вызначаны пазней.
У Заяве Рады БНК гаворыцца:
„Кіраўніку рэжыма патрэбна ўсё больш грошай на небяспечныя вайсковыя гульні, на падвышэнне заробкаў сваім сілавікам і чыноўнікам, на новыя палацы і забавы „прынцаў”. Таму палітыка абрабавання народа ўладай працягваецца і набывае ўсё новыя формы.
Супакоены часовым перапынкам у пратэстных акцыях галоўны начальнік ізноў вярнуўся да сваёй вар’яцкай ідэі пабораў з беспрацоўных. Пачаўся рэзкі рост коштаў камунальных паслуг. Рэальныя заробкі людзей падаюць, пенсіі не паспяваюць за ростам коштаў. Прыдумваюцца самыя розныя спосабы залезці ў кішэні да людзей. Дайшло да таго, што сума штрафаў з грамадзян перавышае ўсе сацыяльныя расходы дзяржавы.
Афіцыйная статыстыка ўсё далей разыходзіцца з рэальнасцю, Белстат канчаткова зрабіўся часткай прапагандыстскай машыны рэжыма.
Спыніць абрабаване народа можна толькі адным спосабам – ізноў паказаць тым, хто незаконна кіруе краінай і залазіць у нашыя кішэні, што мы не „маўклівая большасьць”. Актыўным пратэстам прымусіць іх паменьшыць свае апетыты і вярнуць народу яго законнае права абраць новую ўладу, здольную вывесці краіну з крызіса”.