БНП: У Беларусі павінен паўстаць помнік Касцюшку
Арганізацыя „Беларуская нацыянальная памяць” апублікавала ў Фэйсбуку зварот:
15 кастрычніка 1817 г. у Швейцарыі памёр Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка. Выпадак з усталяваннем Беларускім аб’яднаннем у Швайцарыі помніку нашаму славутаму земляку падняў шэраг праблем і спрэчкі з палякамі, якія былі заўсёды, напэўна не самае галоўнае.
Важна на наш погляд іншае:
Алесь Сапега фактычна самастойна займаўся вырабам і устаноўкай помніку і не таму, што ён хацеў зрабіць ўсё сам, а таму, што яго заклік быў не пачуты.
Мы мала ведаем пра нашых Герояў і таму лёгка адмаўляемся ад іх.
Мы мала ведаем пра час і абставіны, у якіх жылі і змагаліся нашыя Героі, таму і ўзнікаюць заявы: „ён жа не казаў, што ён беларус”.
Імёнамі нашых Герояў названыя вуліцы і плошчы, горы і масты, ім стаяць помнікі па цэлым свеце, толькі ў Беларусі памяці пра Герояў вобмаль. Зразумела вінаваты рэжым, але і мы не павінны сядзець склаўшы рукі. Дамагчыся каб імёны Герояў вярнуліся ў нашыя гарады не так складана, трэба гэтым толькі займацца. І першая справа зараз, падтрымаць ініцыятыву Глеба Лабадзенкі і з улікам усіх заўваг Антона Астаповіча. Помнік Андрэю Тадэвушу Банавентуру Касцюшку павінен паўстаць у Беларусі!
Жыве ВКЛ-Беларусь!
Беларускае Радыё Рацыя