БНР100: Як менчукі адзначылі Дзень Волі
Сотні бел-чырвона-белых сцягоў, дзясяткі тысяч людзей. Свята Незалежнасці ў Менску разгарнулася на вялікай пляцоўцы каля Опернага тэатра.
„Гэта важны дзень і я прыйшла сюды, каб упэўніцца, што нас шмат. І што беларусы не такія пасіўныя, як нам часам падаецца. Мы можам цудоўна бавіць час разам”, – распавядае Аляксандра, якая прыехала на мерапрыемства з Маладэчна.
У наведвальнікаў была магчымасць прайсціся па „вуліцы БНР”, асабіста пагутарыць з прадстаўнікамі розных палітычных партый ды грамадскіх арганізацый краіны, набыць сувенірную прадукцыю беларускіх майстроў.
„Дзеячы БНР проста хацелі жыць у сваёй краіне, размаўляць на сваёй мове і мець сваю культуру. Тое, што я бачу на гэтым свяце, – гэта нараджэнне сапраўднай беларускасці. Мне здаецца, што атмасфера часоў БНР блізкае да сённяшняй. Потым быў СССР, і ўсё задушылася, але мне здаецца, што гэтае жаданне і пачуццё абуджаецца ў людзях ізноў. Варта задумацца, чаму праз сто гадоў усё аднаўляецца нанова„, – кажа ўдзельнік гурта Dzieciuki Павал Трублін.
І, канешне, найбольшую ўвагу прысутных прыцягнуў вялікі канцэрт з удзелам беларускіх музыкаў.
Многія наведвальнікі прыйшлі на Дзень Волі цэлымі сем’ямі. Для дзетак працавала асобная пляцоўка з гульнямі ды забавамі.
„Я мог толькі марыць, каб на сто гадоў БНР было такое свята: у цэнтры горада, на шыкоўнай пляцоўцы, якая калісьці ўжо станавілася цэнтрам грамадскіх акцый ды святаў. Я прыйшоў сюды разам з сям’ёй, і я вельмі натхнёны. Хачу, каб кожны год Дзень Волі адзначаўся на такіх годных пляцоўках і ў такім годным фармаце”, – распавёў Глеб Лабадзенка.
Прамаўляючы са сцэны, Франак Вячорка падкрэсліў, што гэты дзень абавязкова ўвойдзе ў падручнікі гісторыі, пра яго здымуць фільмы ды напішуць навуковыя артыкулы: „Я думаю, што гэта пераломны момант і для беларускай грамадзянскай супольнасці, і для Менска, і для моладзі ў тым ліку. Людзі шчаслівыя таму, што ім далі свабоду і прастору – тое, чаго ў нас ніколі не было. Нам заўжды перакрывалі любыя спробы выйсці на вуліцы, людзей затрымлівалі. А тут нам далі ладны кавалак зямлі, і мы ім скарысталіся, каб сабраць аднадумцаў. Калі б такіх мерапрыемстваў у Беларусі было б хаця б некалькі на год, сітуацыя пачала б імкліва змяняцца да лепшага”.
„Тое, што ўдалося арганізаваць гэтае свята на годным узроўні, сведчыць пра тое, што Беларусь стала ў той шэраг з іншымі нашымі суседзямі, такімі як Літва, Латвія, Эстонія, якія таксама моцна падкрэсліваюць важнасць гэтага свята. Сто гадоў таму адбылася адна з апошніх спробаў аддзяліцца ад Расейскай Імперыі. Зараз мы бачым: мы незалежныя нягледзячы ні на што. Але мусім не забывацца, што былі затрыманыя людзі. Толькі за тое, што хацелі выказаць сваё меркаванне і мелі на гэта ўсе законныя правы”, – адзначае Андрэй Стрыжак.
Разам з тым, больш як сотня чалавек па ўсёй краіне была затрыманая, як напярэдадані Дня Волі, так і непасрэдна 25 сакавіка. Значная частка з іх – падчас мітынгу на Плошчы Якуба Коласа. Увесь час ад выступоўцаў гучалі салідарныя заклікі падтрымаць вязняў. У тым ліку палітычных дзеячаў, якія на той момант знаходзіліся за кратамі.
А на завяршэнне канцэрта гімн Беларускай Народнай Рэспублікі „Мы выйдзем шчыльнымі радам” прагучаў на тысячы галасоў.
[Not a valid template]
Алена Вільтоўская, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота аўтаркі