БНТУ пераводзяць на індывідуальную праграму навучання з-за каронавіруса



Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт (БНТУ) пераводзіцца на індывідуальную праграму навучання ў сувязі з выяўленнем каронавіруса COVID-2019 у студэнта, які прыбыў з Ірана. Пра гэта паведаміў журналістам 28 лютага міністр аховы здароўя Беларусі Уладзімір Каранік.

„Цяпер сумесна з Мінадукацыі мы арганізоўваем для студэнтаў БНТУ індывідуальную праграму навучання для таго, каб максімальна раз`яднаць патокі руху пацыентаў і выключыць іх скрыжаванне”, — сказаў ён.

Паводле слоў міністра, студэнт БНТУ з Ірана знаходзіцца ў Мінскай гарадской інфекцыйнай бальніцы. Ён прыбыў у Беларусь 22 лютага авіярэйсам з Баку. „Мы звязаліся з азербайджанскімі калегамі і высветлілі, што студэнт 20 лютага на маршрутным таксі прыехаў у Баку, а 22 чысла прыляцеў у Беларусь. Улічваючы, што 22 лютага Іран яшчэ не адносіўся да краін з неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыяй, малады чалавек прайшоў стандартны кантроль, але з ужываннем цеплавізара. Прыкмет захворвання ў яго на той момант не было”, — сказаў кіраўнік Міністэрства аховы здароўя.

Студэнта выклікалі на індывідуальнае абследаванне ў 33-ю гарадскую студэнцкую паліклініку. На момант агляду ніякіх скаргаў у яго не было, аднак медработнікаў занепакоіла тэмпература 37,3°C і пачырваненне ў горле. Хлопца адвезлі ў бальніцу, узялі пробы.

„Пацверджаная наяўнасць сямейства каранавірусаў. Зараз мы ўдакладняем, наколькі гэта эпідэміялагічна важны штам. Мы пераправяраем дадзеныя рознымі тэстамі, каб пераканацца, што маем справу менавіта з COVID-19. У дадзенага студэнта не было кашлю — асноўнай крыніцы заражэння іншых. Гэта выклікае аптымізм”, — сказаў Каранік.

Ён растлумачыў, што COVID-19 з усёй групы каронавірусаў найменш смяротны. „Ён проста больш эпідэміялагічна актыўны, лягчэй распаўсюджваецца”, — дадаў ён.

Пра сітуацыю Міністэрства аховы здароўя адразу ж інфармавала грамадскасць і Сусветную арганізацыю аховы здароўя. Грамадзяне, якія сумесна пражываюць са студэнтам у кватэры, шпіталізаваныя для назірання. „Іх стан абсалютна здавальняючы. Тэмпература 37,4°C і вышэй не падымаецца. Акрамя таго, праводзяцца супрацьэпідэміялагічныя мерапрыемствы са студэнтамі, з якімі вучыўся іранец. Яны таксама пераведзеныя пад медыцынскае назіранне”, — сказаў міністр.

Акрамя таго, пад наглядам знаходзяцца лекар, які абследаваў студэнта, і брыгада хуткай медыцынскай дапамогі, што даставіла яго ў бальніцу.

Каранік падкрэсліў, што праца па прафілактыцы завозу і распаўсюджвання ў Беларусі каранавіруса праводзіцца пастаянна ў рэжыме 24/7. Міністэрства аховы здароўя пастаянна сочыць за абнаўленнем пераліку краін з неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыяй. „Да 19 лютага ў Іране не было ніводнага выпадку каронавіруса, а 26 чысла фіксаваўся рэзкі рост колькасці хворых. Таму было прынята рашэнне аднесці Іран да краін з неспрыяльнай эпідэміялагічнай абстаноўкай. Усіх грамадзян Ірана, якія ўехалі ў Беларусь пасля 20 лютага, выклікалі на абследаванне”.

„Мы працягнем працу строга ў адкрытым рэжыме. Ні жадання, ні магчымасцяў утойваць сітуацыю ў нас няма”, — заявіў Каранік.

Акрамя таго міністр аховы здароўя паведаміў, што пад наглядам медыкаў у Брэсце знаходзіцца беларуска, якая вучыцца ў Мілане (Італія). „У сувязі з закрыццём міланскага ўніверсітэта (на каранцін) дзяўчына разам з бацькамі ехала дадому. Па дарозе яна атрымала інфармацыю, што ў яе суседкі па пакоі былі выяўленыя прыкметы каронавіруса. У Варшаве бацькі студэнткі звязаліся з прадстаўнікамі Міністэрства аховы здароўя Беларусі. Ім парэкамендавалі не карыстацца грамадскім транспартам. Мы звязаліся з беларускім пасольствам у Варшаве, яны забяспечылі дастаўку дзяўчыны і яе бацькоў на сваёй машыне да беларускай мяжы. Там яе сустракала хуткая дапамога з Брэста. Зараз усе трое знаходзяцца ў Брэсцкай інфекцыйнай бальніцы. Прыкмет захворвання ні ў каго з іх няма”, — распавёў Каранік.

belapan.by

Фота БелТА