БНТУ вернецца да звычайнага рэжыму заняткаў 10 сакавіка
У Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце 10 сакавіка адновяцца заняткі ў звычайным рэжыме. Гэтую інфармацыю БелаПАН пацвердзілі ў Міністэрстве адукацыі.
Загад за подпісам рэктара ВНУ Сяргея Харытончыка апублікаваны ў адным з тэлеграм-каналаў. Дакумент узгоднены з міністрамі аховы здароўя Уладзімірам Каранікам і адукацыі Ігарам Карпенкам.
Згодна з загадам, заняткі павінны быць арганізаваныя „ў адпаведнасці з правіламі ўнутранага працоўнага распарадку на ўсёй тэрыторыі БНТУ”.
Раней Міністэрства аховы здароўя паведаміла, што ўсе змешчаныя пад медыцынскае назіранне студэнты БНТУ адчуваюць сябе здавальняюча. „На сённяшні дзень ні ў каго з іх РНК каранавіруса не выяўленая”, — адзначыла 5 сакавіка прэс-сакратар міністэрства Юлія Барадун.
У гэты дзень былі адпушчаныя дадому шэсць студэнтаў і выкладчык БНТУ, якія паступілі ў бальніцы з пачырваненнем горла або іншымі прыкметамі ВРЗ. У іх карнавірусная інфекцыя не пацвердзілася.
Паводле слоў Барадун, выкладчыкам будуць закрытыя лісткі непрацаздольнасці, студэнтам — выдадзеныя даведкі. Усе яны змогуць вярнуцца да працоўнай дзейнасці.
БНТУ быў закрыты 28 лютага. Планавалася, што заняткі адновяцца пасля 15 сакавіка.