БНТУ забараніла супрацоўнікам выказваць палітычныя погляды



Рэктар Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта (БНТУ) Сяргей Харытончык зацвердзіў правілы прафесійнай этыкі супрацоўнікаў, з якіх вынікае забарона на выказванне сваёй грамадзянскай пазіцыі і выкарыстанне „недзяржаўнай сімволікі”.

Тэкст загаду „Аб зацвярджэнні правілаў прафесійнай этыкі і паводзінаў работнікаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта” ад 15 верасня з’явіўся сёння ў сацсетках.

Работнікам ВНУ забараняецца „публічна выказваць свае сімпатыі і антыпатыі” палітычным партыям, грамадскім аб’яднанням, што маюць палiтычныя мэты. Недапушчальна выкарыстанне недзяржаўнай сімволікі, а таксама ажыццяўленне „незаконных дзеянняў у адносінах да дзяржаўных сімвалаў”. Таксама на тэрыторыі БНТУ забараняецца праводзіць масавыя мерапрыемствы (мітынгі, шэсці, дэманстрацыі, пікеты, спартыўныя, культурныя, рэлігійныя акцыі) без узгаднення з адміністрацыяй ВНУ.

Акрамя таго, работнік БНТУ не мае права выдаваць або выкарыстоўваць з мэтамі, не звязанымі з выкананнем службовых абавязкаў, інфармацыю аб дзейнасці ўніверсітэта, звесткі, якія тычацца прыватнага жыцця яго работнікаў.

У непрацоўны час работнік БНТУ „павінен устрымацца ад дзеянняў і выказванняў, якія могуць прычыніць шкоду яго рэпутацыі, закрануць яго гонар і годнасць, а таксама скампраметаваць БНТУ, паставіць пад сумнеў яго кампетэнтнасць і бесстароннасць”.

У тэксце загаду адзначаецца, што за невыкананне правілаў работнік нясе „дысцыплінарную адказнасць у адпаведнасці з заканадаўствам”.

Як адзначыў у каментары БелаПАН першы прарэктар БНТУ Георгій Вяршына, гэтыя правілы былі зацверджаны яшчэ 29 траўня гэтага года „рашэннем Савета БНТУ”. На пытанне, чаму загад выйшаў праз амаль чатыры месяцы, ён адказаў: „Я так разумею, што быў летні перыяд, потым падзеі адна на адну, ні больш, ні менш”.

1 верасня на тэрыторыі БНТУ была затрыманая студэнтка чацвёртага курса архітэктурнага факультэта Вікторыя Гранкоўская. Гэта адбылося, калі яна збірала подпісы пад петыцыяй да рэктара ўніверсітэта. Аўтары петыцыі заяўлялі пра парушэнні іх права на сумленныя і празрыстыя выбары, свабоду волевыяўлення, жыццё і бяспеку, абарону ад замахаў на свабоднае выказванне сваёй пазіцыі. Яны таксама патрабавалі выступіць з заявай у падтрымку адстаўкі Лукашэнкі, спынення гвалту і пакарання вінаватых у збіванні і катаваннях затрыманых мірных грамадзян, неадкладнага вызвалення палітвязняў і ўсіх неабгрунтавана затрыманых, спынення пераследу за палітычныя погляды; адстаўкі Цэнтрвыбаркама, правядзення паўторных сумленных выбараў з допускам незалежных назіральнікаў.

Суд даў Гранкоўскай сем сутак арышту. У ВНУ на яе напісалі дакладную за пропуск пары і аб’явілі вымову. Зараз студэнтка асцерагаецца, што яе выключаць з ВНУ.

Уладзіслаў Стасевіч, яшчэ адзін студэнт, затрыманы разам з Гранкоўская каля ўваходу ў ВНУ, атрымаў штраф у 15 базавых велічынь (405 рублёў). Затрыманы падчас студэнцкага маршу Дзмітрый Крыванос быў арыштаваны на 10 сутак.

2 верасня студэнты БНТУ напісалі калектыўны ліст на імя Георгія Вяршыны з патрабаваннем растлумачыць, на якой падставе былі затрыманыя студэнцкія актывісты на тэрыторыі ВНУ. Яго падпісалі каля двух дзясяткаў студэнтаў і іх бацькі. У сакратарыяце, куды яны аднеслі ліст, заявілі, што разгледзяць яго на працягу месяца.

Акрамя таго, два прадстаўнікі студэнтаў хадзілі на прыём у рэктарат, дзе ім пацвердзілі, што АМАП, які знаходзіўся на тэрыторыі ўніверсітэта 1 і 2 верасня, запрошаны рэктаратам для абароны студэнтаў. „Таксама ім паведамілі, што ўсе мітынгі і збор подпісаў пад петыцыямі незаконныя. Сказалі, што па-за вучобай вы можаце хадзіць на мітынгі і г.д., але, калі прыйдзе інфармацыя аб вашым затрыманні, гэта будзе разглядацца ў індывідуальным парадку. Адміністрацыя ўніверсітэта заняла такую пазіцыю: у палітыку мы не лезем, ёй не займаемся і дапамагаць студэнтам, якія трапілі ў рукі сілавікоў, не будзем”, — паведаміла БелаПАН студэнтка БНТУ Ксенія.

Пры гэтым студэнты ў сацсетках скардзяцца, што ва ўніверсітэце паўсюдна развешаныя партрэты Лукашэнкі, актыўна працуе БРСМ, а на мерапрыемствах выкарыстоўваюцца дзяржаўныя сцягі.

Зараз студэнты вядучых ВНУ краіны масава пішуць заявы аб выхадзе з БРСМ і штодня праводзяць акцыі салідарнасці з усімі, каго затрымліваюць на пратэставых мерапрыемствах.

belapan.by