Больш як 400 чалавек затрыманыя на нядзельных акцыях пратэсту
Традыцыйныя нядзельныя акцыі пратэсту адбыліся 29 лістапада ў Менску, іншых гарадах і пасёлках. Другі раз запар яны насілі дэцэнтралізаваны характар, каб распыліць сілы ахоўнікаў парадку і зменшыць колькасць затрыманых.
Паводле звестак праваабаронцаў, затрыманыя не менш як 416 чалавек, у тым ліку 7 непаўналетніх.
354 чалавекі затрыманыя ў Менску, дзе прайшлі дзясяткі раённых акцый, астатнія 62 — у Бараўлянах (Менскі раён; 14), Гародні (9), Берасці (8), Віцебску, Іўі (па 6), Жодзіне (5), Дзяржынску (3), Каробчыцах (Гарадзенскі раён), Ляхавічах (па 2), Баранавічах, Гатаве, Лясным (Менскі раён), Лідзе, Магілёве, Маладзечне і Смалявічах (па 1).
Не менш за 14 чалавек, у тым ліку аднаго непаўналетняга, забрала хуткая дапамога, адзін дастаўлены з міліцыі ў РНПЦ траўматалогіі і артапедыі, адзін — у вайсковы шпіталь. 63 чалавекі адпушчаныя (колькасць вызваленых з пратаколамі і без невядомая).
ГУУС Менгарвыканкама паведаміла пра затрыманне ў горадзе „каля 250 грамадзян, у дачыненні да якіх праводзіцца праверка ў межах дзейнага заканадаўства”.
Сярод затрыманых — член асноўнага складу Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу, старшы навуковы супрацоўнік даследчага цэнтра BEROC Дзмітрый Крук (знаходзіцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў), урач-неўролаг Руслан Бадамшын, дырэктар Цэнтра прававой трансфармацыі (Lawtrend), юрыст Вольга Смалянка, актрыса Алена Гіронак, шматдзетная маці Іна Дабратвор, 75-гадовая кандыдат сельскагаспадарчых навук Іраіда Міско.
У Гародні сілавікі затрымалі пажылую жанчыну пад бела-чырвоным парасонам.
Былі затрыманыя таксама берасцейскія журналісты Станіслаў Коршунаў („Брестская газета”, tut.by) і Максім Хлябец („Брестская газета”), у Менску — фотакарэспандэнт газеты „Новы Час” Яна Трусіла. Коршунава і Хлябца адпусцілі пасля складання пратаколаў, верагодна, паводле арт. 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў). Трусілу адправілі ў ЦІП, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Гэтая нядзеля — 16-я запар, калі праводзяцца найбольш масавыя вулічныя акцыі. Як і 22 лістапада, пратэст праходзіў у фармаце „маршаў суседзяў” — без адзінага пункту збору, удзельнікі збіраліся і праводзілі шэсці ў сваіх раёнах.
Найбольш масавыя акцыі ў сталіцы адбыліся ў мікрараёнах Уручча, Паўднёвы Захад, Сухарава, Малінаўка. Групы пратэстоўцаў таксама збіраліся каля станцыі метро „Пушкінская” (на месцы гібелі Аляксандра Тарайкоўскага), у раёне бальніцы хуткай дапамогі, паблізу жылога комплексу „Маяк Менска”, на праспектах Дзяржынскага, Партызанскім, на вуліцы Маякоўскага, у раёне гандлёвага дома „Рыга” на вул. Сурганава. У папулярных тэлеграм-каналах распаўсюджвалася інфармацыя, што акцыі прайшлі і ў іншых частках горада, у дварах жылых дамоў. Ацаніць колькасць акцый і іх удзельнікаў складана.
Традыцыйна былі зачыненыя шэраг станцый Менскага метрапалітэна: у 11.05 „з мэтай забеспячэння бяспекі пасажыраў” на ўваход і выхад зачынілі станцыі „Плошча Перамогі”, „Кастрычніцкая”, „Плошча Якуба Коласа” (Маскоўская лінія), „Няміга”, „Купалаўская” (Аўтазаводская лінія). Таксама на ўваход і выхад быў зачынены вестыбюль станцыі „Плошча Леніна” з боку плошчы Незалежнасці. Адкрыліся станцыі ў 15.17.
Адначасова з закрыццём станцый метро ў Менску, як і ў мінулыя нядзельныя дні, адключаўся мабільны інтэрнэт.