Больш як 64 тыс. абітурыентаў зарэгістраваліся на ЦТ
Больш за 64 тыс. абітурыентаў зарэгістраваліся на ЦТ, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства адукацыі.
„Для ўдзелу ў ЦТ 2020 года зарэгістраваны 64 314 абітурыентаў (76 888 – у 2019 годзе). Па выніках рэгістрацыі найбольш папулярныя прадметы – руская мова (52 660 зарэгістраваных), матэматыка (34 805) і англійская мова (23 549)”, – расказалі ў прэс-службе.
Рэгістрацыя ўдзельнікаў ЦТ праходзіла з 2 траўня па 1 чэрвеня на базе 41 установы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, з якіх 13 знаходзяцца ў Менску. Яна праводзілася з выкарыстаннем аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы „Агульнарэспубліканскі банк даных удзельнікаў цэнтралізаванага тэсціравання” па прынцыпе аднаго акна. Абітурыент мог зарэгістравацца для праходжання ЦТ у любым з пунктаў правядзення тэсціравання па ўсёй краіне. Замежныя грамадзяне і грамадзяне Беларусі, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі замежных дзяржаў, мелі магчымасць зарэгістравацца з дапамогай паштовай сувязі. Калі ў абітурыентаў па ўважлівых прычынах не было магчымасці зарэгістравацца для ўдзелу ў ЦТ самастойна, то рэгістрацыю маглі зрабіць іх законныя прадстаўнікі.
У час рэгістрацыі абітурыентаў праінфармавалі аб правілах праходжання ЦТ i парадку прадастаўлення яго вынікаў. У сувязі з эпідабстаноўкай у гэтым годзе змяніўся парадак рэгістрацыі. У прыватнасці, абітурыент павінен быў запоўніць у электронным выглядзе заяву і адаслаць яе з асабістага электроннага адраса на адрас электроннай пошты выбранага пункта рэгістрацыі. Атрымаўшы на свой асабісты электронны адрас асабовы рахунак, абітурыент павінен быў унесці плату за прыём і афармленне дакументаў для ўдзелу ў ЦТ праз сістэму „Разлік” (АРІП) (за выключэннем ільготнай катэгорыі грамадзян).
Быў таксама арганізаваны папярэдні запіс для вызначэння даты і часу наведвання пункта рэгістрацыі абітурыентам. Усю неабходную інфармацыю абітурыент атрымліваў па электроннай пошце альбо мог азнаёміцца з ёй на сайце пункта рэгістрацыі. Ва ўстаноўленыя для абітурыента тэрміны пасля ўнясення платы і афармлення дакументаў абітурыент павінен быў прыбыць у пункт рэгістрацыі, каб забраць пропуск на ЦТ. У кожным пункце рэгістрацыі працавала гарачая лінія для інфармацыйнай падтрымкі абітурыентаў, якія маюць складанасці ў правядзенні папярэдняй электроннай рэгістрацыі, а таксама па іншых пытаннях.
Рэгістрацыя абітурыентаў праводзілася ў адпаведнасці са змененым графікам, згодна з якім ЦТ у асноўныя дні будзе праходзіць з 25 чэрвеня па 16 ліпеня. ЦТ па рускай мове і матэматыцы будзе праходзіць па 2 дні па кожным вучэбным прадмеце. Такім чынам, пасля завяршэння рэгістрацыі ў пропуску абітурыента пазначаецца прадмет, дзень правядзення экзамену і адрас пункта правядзення ЦТ. Абітурыенты, якія атрымалі пропускі да змянення тэрмінаў правядзення ЦТ, павінны скарыстацца пераводнай табліцай. „Напрыклад, абітурыенты, у якіх у пропуску дата правядзення ЦТ па рускай мове – 15 чэрвеня, павінны прыйсці на яго 26 чэрвеня. Калі ў пропуску пазначана дата правядзення ЦТ па рускай мове 27 чэрвеня, то абітурыент абавязаны быць на экзамене 27 чэрвеня”, – растлумачылі ў РІКВ.
У пунктах правядзення ЦТ будуць захоўвацца ўсе неабходныя санітарна-эпідэміялагічныя патрабаванні.