Больш за 900 святочных кірмашоў пройдуць у Беларусі
У Беларусі ў час навагодніх і калядных свят у гэтым годзе запланавана правесці больш за 900 кірмашоў, а таксама каля 16,5 тыс. розных мерапрыемстваў у сферы гандлю. Аб гэтым паведаміў начальнік упраўлення арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі Міхаіл Жыгала.
«У час калядных і навагодніх свят па Беларусі запланавана правядзенне больш як 900 кірмашоў, а таксама каля 16,5 тыс. мерапрыемстваў, накіраваных на стымуляванне спажывецкага попыту. З 16 снежня ў Менску і рэгіёнах Беларусі пачнуць работу больш за 1,1 тыс. ёлачных базараў», – сказаў Міхаіл Жыгала.
Кошт натуральных елак будзе залежаць ад вышыні дрэва: мінімальная цана складзе Br5,83.
У перадсвяточныя і святочныя дні па ўсёй Беларусі будуць прадоўжаны рэжымы работы гандлёвых аб’ектаў, абʼектаў грамадскага харчавання і сферы паслуг. Субʼекты гандлю ўзгадняюць і фармуюць з вытворцамі асартымент тавараў з каляднай і навагодняй тэматыкай, падарункаў, сувеніраў і ёлачных аздабленняў.
Кандытарскія фабрыкі, якія ўваходзяць у склад канцэрна «Белдзяржхарчпрам», да канца бягучага года выпусцяць 2 млн 100 тыс. штук салодкіх навагодніх падарункаў. Пакупнікам прапанавана ўжо да 50 найменняў кандытарскіх падарункаў айчыннай вытворчасці вагой ад 300 г да 3 кг. Адпускныя цэны на такі від тавараў ад вытворцаў складуць ад Br3,67 да Br65.
Арганізаваны прыём заказаў на абслугоўванне пераднавагодніх і навагодніх мерапрыемстваў, карпаратываў і ранішнікаў. Паводле слоў прадстаўніка Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, арыенціровачны кошт такога тыпу мерапрыемстваў застанецца практычна на ўзроўні мінулага года і складзе ў сярэднім па дзіцячых ранішніках ад Br27, па карпаратыўных мерапрыемствах ад Br40.