Праціўнікі завода «АйПаўэр» зноў сабраліся ў цэнтры Берасця (абноўлена)
Ціск на праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода ў выглядзе штрафаў і апошнюю інфармацыю па магчымасці правядзення альтэрнатыўнай экалагічнай экспертызы абмеркавалі ў Берасці. Тут адбылася чарговая нядзельная акцыя супраць з’яўлення шкоднай вытворчасці блізу мяжы горада, — распавялі берасцейцы:
– У нас адно пытанне: калі завод будзе закрыты. Гэта нас непакоіць, усіх нармальных, разумных людзей. Ціск быў і ёсць. Мне таксама штраф прысуджалі, але нас гэтым не запужаць.
– Актуальнае пытанне ў нас сёння такое – гэта грамадска-экалагічная экспертыза. Мы чакаем, калі ўсё ж такі кіраўніцтва завод выканае даручэнне кіраўніка краіны – прадставіць на грамадскую экспертызу свой праект.
Удзельнікі акцый плануюць не спыняцца на дасягнутым, таму да канца года і на пачатку наступнага працягнуць выходзіць на вуліцы горада для адстойвання сваіх правоў на экалогію.
***
15 снежня прыблізна апоўдні на плошчы Леніна ў Берасці чарговым разам сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага 2018 года.
Згодна са звесткамі праваабаронца Рамана Кісляка, у 12.40 на плошчы было больш за 100 чалавек. Міліцыя праз мегафон папярэджвала прысутных аб адказнасці за правядзенне несанкцыянаванай акцыі.
Прысутныя абмеркавалі рашэнне Вярхоўнага суда ад 12 снежня, які адмовіўся задаволіць апеляцыйную скаргу заснавальнікаў брэсцкага абласнога экалагічнага праваабарончага грамадскага аб’яднання „ЭкаБрэст”. Вярхоўны суд пакінуў у сіле рашэнне Берасцейскага абласнога суда ад 25 верасня, які не задаволіў скаргу заснавальнікаў на адмову ў рэгістрацыі аб’яднання. Заснавальнікі „ЭкаБрэста” прасілі Вярхоўны суд адмяніць рашэнне абласнога суда і абавязаць галоўнае ўпраўленне юстыцыі Берасцейскага аблвыканкама зарэгістраваць грамадскае аб’яднанне.
Людзі, якія сабраліся 15 снежня на плошчы, назвалі рашэнне Вярхоўнага суда прадказальным. Берасцеец Дзмітрый Андрасюк лічыць, што ўлады баяцца аб’яднання людзей у любым фармаце.
Той факт, што ўлады баяцца любой арганізаванай актыўнасці людзей, пацвярджае не толькі гэтая пастанова Вярхоўнага суда, але і рашэнне мясцовых уладаў у студзені гэтага года, дадала жыхарка Берасцейскага раёна Ірына Сіліцкая. Тады ўлады адмовілі ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па правядзенні мясцовага рэферэндуму супраць будаўніцтва акумулятарнага завода.
Тым не менш, лічаць праціўнікі завода, неабходна працягваць дамагацца рэгістрацыі аб’яднання „ЭкаБрэст”, каб у іх з’явілася магчымасць больш эфектыўна вырашаць экалагічныя праблемы рэгіёна.
Прысутныя на плошчы таксама абмеркавалі суды, што прашлі на гэтым тыдні над двума праціўнікамі акумулятарнага завода — Андрэем Сліжом і Аляксандрам Марачэўскім. Іх судзілі за ўдзел у перадвыбарным агітацыйным пікеце кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў актывісткі кампаніі „Еўрапейская Беларусь” Паліны Шaрэнды-Панасюк, які адбыўся 25 кастрычніка на вуліцы Савецкай у Берасці. Адным з пунктаў перадвыбарнай праграмы Шaрэнды-Панасюк было закрыццё акумулятарнага завода. Сліж і Марачэўскі раздавалі на пікеце інфармацыйныя матэрыялы з лагатыпам „Стоп завод” аб шкодным уздзеянні свінцу на арганізм чалавека. Суд Ленінскага раёна Берасця палічыў пікет несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам. 10 снежня суд аштрафаваў Сліжа на 45 базавых велічыняў (1.147,5 рубля), 12 снежня — Марачэўскага на 40 базавых велічынь (1.020 рублёў). Абодва прызнаныя вінаватымі паводле ч. 3 арт. 23.34 КоАП. Актывісты маюць намер абскардзіць рашэнне суда.
Удзельнікі сустрэчы лічаць судовыя рашэнні ў дачыненні да актывістаў неправамернымі. Яны абурыліся тым фактам, што ў судах сведкамі, як правіла, выступаюць супрацоўнікі міліцыі, якія заўсёды сведчаць супраць актывістаў.
belapan.by