Больш за 100 праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода сабраліся ў Берасці



8 сакавіка каля поўдня на плошчы Леніна ў Берасці чарговы раз сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Такія сустрэчы праходзяць на гэтай пляцоўцы кожную нядзелю з 25 лютага 2018 года.

Паводле дадзеных праваабаронцы Уладзіміра Вялічкіна, у 12.40 на плошчы было больш за 100 чалавек. Міліцыя праз мегафон папярэджвала прысутных аб адказнасці за правядзенне несанкцыянаванай акцыі.

Паколькі чарговая сустрэча праціўнікаў будаўніцтва завода прыпала на свята 8 Сакавіка, яна пачалася з віншаванняў жанчын-актывістак, якім мужчыны ўручылі кветкі.

Сёння прысутныя на плошчы абмяркоўвалі прызначаны на 17 сакавіка разгляд апеляцыйнай скаргі ТАА „АйПаўэр” у эканамічным судзе Берасцейскай вобласці.

Кампанія абскардзіла вынесенае 5 лютага рашэнне суда, які задаволіў іск аблвыканкама да ТАА „АйПаўэр” аб вяртанні грошай у інавацыйны фонд. Берасцейскі аблвыканкам дамагаўся спагнання з „АйПаўэра” 5 млн 725 тыс. рублёў у інавацыйны фонд, бо кампанія не выканала абавязацельствы па дагаворы: не быў рэалізаваны ў тэрмін праект па будаўніцтве і ўводзе ў эксплуатацыю акумулятарнага завода. Акрамя таго, суд адмовіў „АйПаўэру” ў задавальненні пададзенага кампаніяй падчас разгляду справы сустрэчнага іску да аблвыканкама аб пацвярджэнні факта нязначнасці інавацыйнай дамовы ад 2016 года.

Як адзначылі праціўнікі завода, яны меркавалі, што „АйПаўэр” абскардзіць гэта рашэнне суда. Актывісты таксама заявілі сёння, што маюць намер прыйсці на судовае пасяджэнне. „Мы чакаем справядлівага рашэння суда па гэтай апеляцыйнай скарзе”, — падкрэсліў Анатоль Ярмоленка. Паводле яго слоў, праціўнікі завода спадзяюцца, што рашэнне суда першай інстанцыі будзе падтрымана апеляцыйным судом.

Актывіст Алег Вялаў таксама выказаў упэўненасць, што апеляцыйную скаргу суд пакіне без задавальнення. Ён лічыць, што „АйПаўэр” абскардзіў рашэнне суда першай інстанцыі, паколькі „цягне час па выплаце грошай”. „Цяпер прадпрыемству трэба любой цаной правесці дзяржаўную экалагічную экспертызу”, — адзначыў Вялаў.

Мясцовыя жыхаркі, якія прыйшлі сёння на плошчу, падпісваліся пад скаргай у Берасцейскі аблвыканкам на дыскрымінацыю жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту ў сувязі з будаўніцтвам акумулятарнага завода. У дакуменце жанчыны выказваюць абурэнне тым, што іх меркаванне аб недапушчальнасці размяшчэння гэтага небяспечнага прадпрыемства ў Берасцейскім раёне побач з населенымі пунктамі праігнаравана.

Яны заяўляюць, што ў справаздачы аб уздзеянні на навакольнае асяроддзе (АУНА) завода не разглядалася пытанне аб ўздзеянні свінцу на жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту, аб уздзеянні свінцу і яго злучэнняў на жанчын у перыяд цяжарнасці і выношвання дзяцей, аб уздзеянні свінцу на здароўе плода ў перыяд цяжарнасці на тэрыторыі, якая будзе забруджвацца свінцом у выніку эксплуатацыі завода „АйПаўэр”.

Як адзначаецца ў скарзе, выкіды, якія ўтрымліваюць свінец, будуць аказваць шкоднае ўздзеянне на здароўе як мужчын, так і жанчын. Але жанчыны рэпрадуктыўнага ўзросту, асабліва ў перыяд цяжарнасці і выношвання дзяцей, будуць зведваць больш значнае ўздзеянне гэтых небяспечных выкідаў.

Таксама ў скарзе выкладзены высновы Сусветнай арганізацыі аховы здароўя аб уздзеянні свінцу на здароўе жанчын.

Пасля сустрэчы на плошчы, якая працягвалася прыкладна да 12.40, праціўнікі будаўніцтва завода прайшлі па цэнтральных вуліцах Берасця — Пушкінскай і Савецкай — да кінатэатра „Беларусь”.

Акумулятарны завод ТАА „АйПаўэр” пабудаваны на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у СЭЗ „Берасце”. На прадпрыемстве плануецца наладзіць поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Берасця і Берасцейскага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта.

У чэрвені 2019 года Берасцейскі аблвыканкам прыпыніў будаўніцтва завода „да ліквідацыі выяўленых парушэнняў”, а абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя прыпыніў дазвол прадпрыемству на выкід забруджвальных рэчываў у атмасферу.

У ліпені праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэнне дзяржаўнай экалагічнай экспертызы. У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала падача недакладных дадзеных.

У жніўні праектная дакументацыя акумулятарнага завода была паўторна пададзеная на дзяржаўную экалагічную экспертызу.

У верасні стала вядома, што кампанія адклікала праектную дакументацыю акумулятарнага завода з дзяржаўнай экалагічнай экспертызы „па прычыне неабходнасці ўсебаковага і больш поўнага адлюстравання інфармацыі аб унесеных зменах”.

У верасні Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання Берасцейскай крэпасці заявіў, што ён — „на баку людзей”, якія занепакоеныя праблемамі, звязанымі з уводам у эксплуатацыю акумулятарнага завода. Паводле слоў Лукашэнкі, неабходна даць мясцовым жыхарам права правесці экспертызу будаўніцтва прадпрыемства. „Толькі яны будуць вырашаць, ці быць гэтаму заводу і якім будзе гэты завод”, — падкрэсліў ён.

24 лютага 2020 года праектная дакументацыя акумулятарнага завода пасля карэкціроўкі была пададзеная на дзяржаўную экалагічную экспертызу.

belapan.by