Больш за 100 праціўнікаў завода АКБ сабраліся ў цэнтры Берасця



Прыблізна апоўдні 6 кастрычніка на берасцейскай плошчы Леніна чарговы раз сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага 2018 года.

Згодна са звесткамі праваабаронцы Рамана Кісляка, у 12.40 на плошчы было больш за 100 чалавек. Міліцыя праз мегафон папярэджвала прысутных аб адказнасці за правядзенне несанкцыянаванай акцыі.

Удзельнікі сустрэчы абмяркоўвалі апошнія навіны, у тым ліку спыненне крымінальнай справы ў дачыненні да праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода Майсея Мазько і яго сына Дзяніса Мазько. Актывістаў падазравалі ў тым, што пры нявысветленых абставінах яны незаконна набылі 30 спартыўна-паляўнічых патронаў, якія з’яўляюцца боепрыпасамі да пісталетаў, паляўнічых вінтовак і карабінаў, камбінаваных паляўнічых стрэльбаў, і незаконна захоўвалі іх у аўтамабілі. 4 кастрычніка Мазько-старэйшы атрымаў апавяшчэнне з Берасцейскага міжраённага аддзела Следчага камітэта аб тым, што крымінальны пераслед у дачыненні да яго і сына спынены з-за адсутнасці ў іх дзеяннях прыкмет складу злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 295 КК.

„Ніхто з нас не верыў, што Майсей Мазько і яго сын датычныя да гэтых боепрыпасаў, — заявіла сёння на плошчы актывістка Юлія Зубік. — Гэта нахабная падстава. Незразумела, хто яе арганізаваў, але спадзяюся, што міліцыя знойдзе гэтага чалавека”. Яна лічыць, што „гэта было зроблена спецыяльна, каб дыскрэдытаваць не толькі актывістаў пратэстнага руху ў Берасці, але і ўсю грамадскую кампанію супраць гэтага завода”.

Праціўнікі завода сёння таксама абмяркоўвалі навіну пра тое, што Эканамічны суд Берасцейскай вобласці 3 кастрычніка не задаволіў іск ТАА „АйПаўэр” аб абароне дзелавой рэпутацыі да актывістаў грамадскай кампаніі супраць прадпрыемства Дзмітрыя Бекалюка, Дзям’яна Лепясевіча, блогераў Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава.

21 чэрвеня блогеры ў межах свайго youtube-праекта „Народны рэпарцёр” размясцілі відэаролік „Галоўны гемарой Берасця”, у якім Бекалюк і Лепясевіч аналізуюць апошнія падзеі вакол акумулятарнага завода, пабудаванага пад Берасцем. У прыватнасці кажуць аб выкідах шкодных рэчываў у перыяд правядзення пусканаладачных работ. Паводле слоў актывістаў, гэтая інфармацыя грунтуецца на афіцыйных дакументах, атрыманых з дзяржаўных структур. Ісцец прасіў суд прызнаць, што звесткі, якія ўтрымліваюцца ў гэтым відэароліку, не адпавядаюць рэчаіснасці і ганяць дзелавую рэпутацыю ТАА „АйПаўэр”, абавязаць блогераў выдаліць яго з youtube-праекта „Народны рэпарцёр”, усіх сайтаў і сацсетак і даць абвяржэнне ў выглядзе відэазвароту.

Як адзначылі праціўнікі завода, суд правамерна прыняў бок актывістаў. Паводле слоў Юліі Зубік, „парадавала, што цвярозы розум узяў верх ў рашэнні суда”.

Прысутныя на плошчы Леніна таксама абмяркоўвалі ўдзел сваіх актывістаў у перадвыбарнай кампаніі. Нагадаем, жыхар Бярозы блогер і член Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандр Кабанаў мае намер вылучацца па Берасцейскай-Заходняй выбарчай акрузе № 1, берасцеец Раман Кісляк — па Берасцейскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе № 2, жыхарка Берасцейскага раёна Алена Макарэвіч — па Берасцейскай-Усходняй выбарчай акрузе № 3, жыхар Кобрына Уладзімір Мароз — па Берасцейскай-Пагранічнай выбарчай акрузе № 4.

Як паведаміла Макарэвіч, берасцейцы „актыўна падтрымліваюць” праціўнікаў завода, якія маюць намер балатавацца ў Палату прадстаўнікоў. Паводле яе слоў, у падтрымку ўсіх прэтэндэнтаў сабраная неабходная колькасць подпісаў. Толькі подпісы, сабраныя ініцыятыўнай групай Мароза, усё яшчэ правяраюцца ў выбарчым штабе.

Праціўнікі акумулятарнага завода заявілі сёння, што маюць намер працягваць свае сустрэчы на плошчы Леніна, пакуль прадпрыемства не будзе канчаткова закрыта.

Пасля сустрэчы, якая доўжылася прыкладна да 12.40, яе ўдзельнікі прайшлі па цэнтральных вуліцах Берасця — Пушкінскай і Савецкай — да кінатэатра „Беларусь”, дзе былі арганізаваныя перадвыбарныя пікеты.

Акумулятарны завод ТАА „АйПаўэр” пабудаваны на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у СЭЗ „Берасце”. На прадпрыемстве плануюць наладзіць поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Берасця і Берасцейскага раёна лічаць, што завод пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта.

Грамадская кампанія супраць акумулятарнага завода пачалася ў рэгіёне ў студзені 2018 года. За гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзенне ў Берасці і Берасцейскім раёне 237 мітынгаў, 12 пікетаў і 16 дэманстрацый. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю: 29 красавіка 2018 года мітынг „Берасцейкі супраць свінцу”, на які прыйшлі прыкладна дзве тысячы чалавек.

belapan.by