Больш за 130 праціўнікаў завода АКБ зноў сабраліся ў цэнтры Берасця
28 ліпеня на плошчы Леніна ў Берасці чарговым разам сабраліся праціўнікі акумулятарнага завода. Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага 2018 года.
Згодна са звесткамі праваабаронцы Рамана Кісляка, прыйшло не менш за 135 чалавек.
Паводле яго слоў, удзельнікі сустрэчы абмяркоўвалі інфармацыю пра тое, што праект акумулятарнага завода пад Берасцем атрымаў адмоўнае заключэнне дзяржаўнай экалагічнай экспертызы. Як паведаміў намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Хмель падчас нядаўняй прамой лініі, прычынай адмоўнага заключэння стала падаванне недакладных даных аб запланаваных заводам выкідаў забруджвальных рэчываў. Такім чынам, у ТАА „АйПаўэр” адкліканае станоўчае заключэнне экалагічнай экспертызы.
„Нашы заўвагі, нашы лісты цалкам пацвердзіліся адмоўным заключэннем экспертызы. Гэта значыць тыя праўдзівыя звесткі, пра якія мы паўтара года гаварылі, пацвердзілі афіцыйна, — заявіў БелаПАН актывіст Дзмітрый Бекалюк. — Нарэшце мы дастукаліся, і Мінпрыроды прыняло рашэнне выдаць такое рашэнне на падставе пададзеных непраўдзівых звестак”.
Праціўнікі будаўніцтва завода таксама абмяркоўвалі адмову ў рэгістрацыі грамадскага аб’яднання „ЭкаБрэст”. Як гаворыцца ў афіцыйным адказе ўладаў, у пададзеных на рэгістрацыю дакументах Брэсцкі аблвыканкам выявіў шэраг парушэнняў заканадаўства.
Нагадаем, устаноўчы сход арганізацыі адбыўся 26 мая. Яго заснавальнікамі выступілі 12 жыхароў Берасця і раёна. Галоўная мэта арганізацыі — шырокае прыцягненне грамадскасці да вырашэння экалагічных праблем, абарона правоў і свабод чалавека, зафіксаваных у Канстытуцыі Беларусі і яе міжнародных дамовах.
Пасля сустрэчы на плошчы праціўнікі завода зноў прайшлі па цэнтральных вуліцах горада — Пушкінскай і Савецкай — да кінатэатра „Беларусь”. Удзельнікаў шэсця суправаджалі шматлікія супрацоўнікі міліцыі ў цывільным.