Больш за 136 тысяч беларусаў сутыкнуліся з рэпрэсіямі з 2020 года
Агульная колькасць ахвяр рэпрэсій у Беларусі з мая 2020 па май 2023 года перавысіла 136 тысяч чалавек, паведамляе reform.by.
Пра гэта гаворыцца ў справаздачы “Злачынствы супраць чалавечнасці ў Беларусі – прававы аналіз і варыянты адказнасці”, падрыхтаванай экспертамі Цэнтра права і дэмакратыі “Вузел правасуддзя” Марыеке дэ Хун, Андрэем Васільевым і Марыяй Колесавай-Гудзілінай.
«Гэты даклад закліканы зрабіць унёсак у магчымасці міжнароднай супольнасці і падтрымаць беларускі народ у ягоных надзеях на спыненне гвалту, падаўлення і беспакаранасці, а таксама ў ягонай барацьбе за мір, дэмакратыю і справядлівасць. Гэта была вельмі складаная і карпатлівая праца. Экспертам нашай арганізацыі ўдалося сабраць вялікі спіс доказаў злачынстваў лукашэнкаўскага рэжыму і прааналізаваць іх», – заявіў кіраўнік «Вузла правасуддзя» Дайнюс Залімас.
Цэнтр права і дэмакратыі „Вузел правасуддзя” быў заснаваны ў 2021 годзе ў Вільні, Літва. Яго місія – садзейнічанне дэмакратычным рэформам у Беларусі і падтрымка ахвяр рэпрэсій у рэалізацыі механізма ўніверсальнай юрысдыкцыі праз дапамогу ў падачы спраў у літоўскую пракуратуру. Даклад падрыхтаваны ў рамках праекту «Барацьба з беспакаранасцю злачынстваў рэжыму».