Больш за 150 прадстаўнікоў медыясектара заклікалі ўлады спыніць ціск на журналістаў



Больш за 150 прадстаўнікоў медыясектара падпісалі адкрыты зварот Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) да ўладаў з заклікам спыніць „паляванне на ведзьмаў”.

Як паведамляецца на сайце БАЖ, рэдактары, журналісты і публіцысты заклікаюць вызваліць з-за кратаў усіх прадстаўнікоў медыя і іншых грамадзян, якія пазбаўленыя волі за выкананне прафесійных абавязкаў ці за выказванне свайго меркавання; вярнуць недзяржаўныя грамадска-палітычныя медыя ў сістэмы друку і распаўсюду; аднавіць доступ да сайтаў незалежных медыя ў краіне; спыніць беспадстаўнае ўмяшанне дзяржаўных органаў у дзейнасць СМІ і адміністрацыйны ціск на журналістаў і медыя.

Як адзначаецца ў звароце, „каторы месяц запар шмат незалежных медыя сутыкнуліся з пераследам і дыскрымінацыяй”. Так, 4 мая Міністэрства інфармацыі вынесла афіцыйнае папярэджанне рэгіянальнай газеце Intex-press з Баранавічаў за публікацыю інтэрв`ю са Святланай Ціханоўскай.

Адначасова „Белпошта” адмовілася ўключаць газету ў падпісны каталог, а „Белсаюздрук” — прадаваць праз кіёскі.

Беларускае Радыё Рацыя